Павольны рух расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 858-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Дэманстрацыя ў Мадрыдзе на знак падтрымання Украіны, 30 чэрвеня 2024 г.
Фота: Richard Zubelzu / Zuma Press / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці захоўваецца высокая інтэнсіўнасць баявых дзеянняў, якія ў асноўным лакалізуюцца на двух участках фронту – каля сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што ў Глыбокім цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны крыху прасунуліся, заняўшы некалькі пазіцый праціўніка.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Стэльмахаўка, Пішчанае, Макееўка, Неўскае і Торскае. Пры гэтым на асобных участках баі працягваюцца, але сітуацыя застаецца кантраляванай для ЗСУ.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што самыя Збройныя сілы контратакуюць на так званым торскім выступе (на левым беразе ракі Жарабец) з боку сяла Церны.

У гэты ж час аналітыкі праекту Deepstate гавораць пра выбіццё расейцаў з часткі пазіцыяў на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва (з поўначы ад ракі Сівэрскі Данец).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» удакладняе, што ў выніку гэтага поспеху вайскоўцам ЗСУ ўдалося пазбегнуць так званага агнявога мяшку – атачэння сваіх пазіцыяў праціўнікам з трох бакоў.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец – на так званым сівэрскім выступе па фронце – ініцыятыва захоўваецца за Узброенымі сіламі РФ, якія, паводле Генштабу ЗСУ, ціснуць у ваколіцах сёлаў Спірнае, Верхнякаменскае і Выемка.

Тым часам у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі сяло Спірнае. Аднак іншыя крыніцы пакуль не пацвердзілі гэтую інфармацыю.

Ніжэй па лініі фронту баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што войскі РФ маюць тактычныя поспехі на асобных участках фронту.

«Рыбарь» удакладняе, што рух ідзе на тэрыторыі мікрараёну «Канал» (на ўсходзе ад каналу Сівэрскі Данец – Данбас) у ваколіцах будынку праваслаўнай царквы.

На тарэцкім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы наступаюць у ваколіцах аднайменнага гораду і прылеглых сёлаў Паўночнае і Паўднёвае.

Канал «Говорять Снайпер» піша, што УС РФ паступова прасоўваюцца на кірунку.

«Офіцер» звяртае ўвагу на тое, што тэрыторыя ў ваколіцах Тарэцку шчыльна забудаваная і фактычна з’яўляецца часткай адной агламерацыі, таму расейцы наўпрост знішчаюць з дапамогай авіяцыі будынак за будынкам, за кошт чаго цяпер і прасоўваюцца.

«Рыбарь» адзначае, што адначасова з гэтым войскі РФ намагаюцца абыходзіць горад з флангаў – на паўночным і паўднёвым усходзе.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Захоўваецца рух Узброеных сілаў РФ і на пакроўскім кірунку, дзе яны атакуюць шырокім фронтам на захадзе ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў у сяле Яўгенаўка, а таксама каля Сокалу і Новааляксандраўкі.

Пры гэтым у Мінабароны РФ сцвярджаюць, што апошні населены пункт ужо перайшоў пад іх поўны кантроль.

На поўдні кірунку ідуць баі ў ваколіцах Карлаўкі, дзе расейцы намагаюцца прасунуцца за кошт перавагі ў жывой сіле.

На курахаўскім кірунку, па словах Пегава, УС РФ прасоўваюцца ў цэнтральнай частцы Краснагораўкі, а таксама рыхтуюцца да ўзнаўлення руху ніжэй па фронце каля сёлаў Парасковіеўка і Канстанцінаўка.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці фіксуюцца атакі расейцаў на так званым урэмаўскім выступе каля сяла Ураджайнае, але зменаў па фронце не назіраецца.

У Запарожскай вобласці працягваюцца баі на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (каля гораду Арэхаў), але пакуль ніводнаму з бакоў не ўдаецца істотна прасунуцца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў