«Дзеці баяцца гуляць на вуліцы». Жыхары літоўскага памежжа скардзяцца на фуры, якія едуць у Беларусь


Жыхары Шальчынінкайскага раёну Літвы скардзяцца на чэргі грузавікоў, якія чакаюць праезду ў Беларусь і парушаюць іх звыклы лад жыцця, піша выданне BNS.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Пасля таго як у пачатку сакавіка Літва закрыла памежныя пункты Райгардас і Лаварышкі, пакінуўшы працаваць толькі Мядзінінкай і Шальчынінкай, тут адразу выстраіліся чэргі з грузавікоў, якія часам дасягаюць 15-ці кіламетраў. Цяпер кожны дзень жыхары рэгіёну – ад дзяцей да пенсіянераў – сутыкаюцца са шматлікімі праблемамі.

«Жыхары Малога Сяла заўсёды атрымлівалі асалоду ад цішыні і спакою, але цяпер пакутуюць ад пастаяннага шуму магутных трактарных рухавікоў, – тлумачыць адзін з суразмоўцаў выдання. – Яны не могуць свабодна ездзіць, дзеці баяцца гуляць на вуліцы – грузавікі не проста ціха стаяць у чарзе, яны гудуць, ездзяць туды-сюды, разварочваюцца і зноў вяртаюцца».

Мясцовыя жыхары звяртаюць увагу і на пагаршэнне дарожнага руху, пашкоджанне дарожнага пакрыцця, блакаваныя ўезды ў двары і рухавікі фур, якія перашкаджаюць спаць па начах. Не абыходзіцца без аварый і канфліктаў – стомленае насельніцтва і кіроўцы выплёсківаюць назапашанае напружанне.

Закрыццё пунктаў пропуску на мяжы Літвы і Беларусі не толькі ўскладніла паўсядзённае жыццё і свабоднае перамяшчэнне жыхароў, але і абмежавала магчымасць зносін са сваякамі, якія пражываюць па другі бок мяжы.

Таму на сходзе з мясцовымі ўладамі жыхары раёну заклікалі забяспечыць ім бяспечнае паўсядзённае існаванне «шляхам устанаўлення дыпламатычных адносін» з суседзямі.

Пакуль жа, адзначае выданне, грузавы транспарт з літоўскага боку праводзіць у чэргах да шасці сутак.

З дадзеных Упраўлення пунктаў памежкантролю Мінтранспарту Літвы 30 чэрвеня ў пункце пропуску «Мядзінінкай» час чакання да перасячэння мяжы з Літвы ў Беларусь для грузавікоў складае 121 гадзіну – гэта пяць сутак. На памежным пераходзе «Шальчынінкай» фуры стаяць яшчэ даўжэй – 149 гадзін – а гэта больш за шэсць сутак.

На прыканцы тыдня на гэтых пагранпераходах сумарна знаходзілася больш за 1300 грузавікоў.

Цяпер у Беларусі з суседнімі краінамі ЕЗ працуюць чатыры пункты пропуску: два літоўскія, адзін латвійскі і адзін польскі. У канцы жніўня 2023 года міністры ўнутраных справаў Літвы, Латвіі і Польшчы дамовіліся, што межы з Беларуссю могуць быць закрытыя ў выпадку ўзброенага інцыдэнту (тады на тэрыторыі Беларусі была вялікая колькасць баевікоў ПВК Вагнэра) або пры прарыве нелегальных мігрантаў.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў