Вайсковыя базы ЗША ў Еўропе пераведзены ў стан павышанай гатовасці


Тэлеканал CNN паведамляе, што некалькі вайсковых баз ЗША ў Еўропе знаходзяцца ў стане павышанай гатовасці з-за пагрозы тэрарыстычнай атакі.

Паводле інфармацыі CNN, у выходныя некалькі вайсковых базаў ЗША ў Еўропе перавялі ў стан павышанай гатовасці – быў абвешчаны ўзровень аховы «Чарлі». Гэты статус прымяняецца, калі здараецца інцыдэнт або паступае інфармацыя, якая сведчыць пра імавернасць тэракту або нападаў на амерыканскі вайсковы персанал або аб’екты.

Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў, які знаходзіцца на базе ў Еўропе, сказаў CNN, што яны не бачылі такога ўзроўню пагрозы «прынамсі 10 гадоў». Паводле чыноўніка, звычайна гэта азначае, што вайскоўцы атрымалі пацверджанне «актыўнай дакладнай пагрозы».

Пакуль незразумела, якія дадзеныя разведкі выклікалі ўзмацненне бяспекі, але еўрапейскія ўлады папярэдзілі аб патэнцыйнай тэрарыстычнай пагрозе на кантыненце, асабліва напярэдадні Алімпійскіх гульняў у Парыжы ў ліпені і падчас цяперашняга чэмпіянату Еўропы па футболе ў Нямеччыне.

Вядома, што ў тым ліку прыведзены ў павышаную гатовасць асабовы склад базы ЗША ў нямецкім Штутгарце, дзе знаходзіцца штаб-кватэра еўрапейскага камандавання ЗША.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў