«Тасаванне старой калоды», закрыццё мяжы, санкцыі. Галоўныя падзеі ў малюнках


Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» сочыць за галоўнымі падзеямі, які ўплываюць на жыццё беларусаў ці выклікаюць шырокі рэзананс у грамадстве. Паказваем карыкатуры на самыя важныя падзеі апошніх тыдняў.

А ці здагадаецеся без нашых падказак, пра што ідзецца ў малюнках?

27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг кадравых зменаў, якія закранулі найвышэйшыя пасады ў беларускай уладнай сістэме. Асабліва гучнымі сталі прызначэнні новага кіраўніка МЗС, кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і ягонага намесніка (ці, хутчэй, намесніцы). Сярод найбольш розгаласных стала прызначэнне новага кіраўніка МЗС, ім стаў Максім Рыжанкоў. На гэтую пасаду ён перайшоў з пазіцыі першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і замяніў Сяргея Алейніка. Апошні, у сваю чаргу, быў прызначаны ў Савет Рэспублікі.

Важным прызначэннем стаў перавод Дзмітрыя Крутога з пасады амбасадара Беларусі ў РФ на пасаду кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі.

Галоўнай асаблівасцю сённяшніх прызначэнняў з’яўляецца «прынцып тасавання старой калоды», бо ў Лукашэнкі няма магчымасці знаходзіць новыя кадры. У гэтым сэнсе найбольш паказальным з’яўляецца прызначэнне на пасаду першай намесніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч. Гэта сігнал таго, «наколькі кароткая лава запасных» у атачэнні Лукашэнкі.

Малюнак: Дэ Лёс

Для сачэння за асуджанымі ў Беларусі будуць выкарыстоўваць беспілотнікі. У калоніях адміністрацыі дазволілі выкарыстоўваць інтэграваныя сістэмы бяспекі, беспілотныя лятальныя апараты, а таксама «глушылкі» сотавай сеткі сувязі і сувязі з дронамі. Усё гэта прымяняецца для «папярэджання ўцёкаў і іншых злачынстваў, парушэнняў устаноўленага парадку адбывання пакарання, а таксама атрымання неабходнай інфармацыі аб паводзінах асуджаных».

Малюнак: Дэ Лёс

Чатырнаццаты пакет санкцыяў прыняты Еўрапейскім Звязам. Пад абмежавальныя захады трапілі расейскія кампаніі і асобы, датычныя да ваеннай агрэсіі ва Украіне. Ёсць у спісе і беларускія кампаніі. Гэтак, паводле рашэння, апублікаванага напярэдадні, Беларускае аптычна-механічнае аб‘яднанне «БелОМА», разам з гендырэктарам Аляксандрам Марозам цяпер пад пільнай увагай Еўразвязу.

У санкцыйны пакет трапіў і БРСМ. Падставаю для ўключэння прадзяржаўнай моладзевай арганізацыі стала яе датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў. У справе прымусовага вывазу асобна адзначылі дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцыва і кіраўніка БРСМ Аляксандра Лук’янава.

Малюнак: Дэ Лёс

Польшча можа закрыць апошнія два памежныя пераходы з Беларуссю, заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў эфіры TVN24 увечары 22 чэрвеня.

«У сувязі з дзеяннямі Беларусі мы разглядаем магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў. Зараз мы вывучаем, ці не нашкодзіць гэта эканоміцы», – сказаў Сікорскі.

Аналітыка
Асцярожна, межы закрываюцца. А што, калі Польшча ўсё ж зачыніць пераходы на мяжы з Беларуссю?
2024.06.27 10:25

Паводле кіраўніка польскага МЗС, намер закрыць пункты пропуску звязаны з сітуацыяй з мігрантамі на польска-беларускай мяжы.

Малюнак: Дэ Лёс

У Беларусі закрываецца яшчэ адна вышэйшая навучальная ўстанова – Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Абвестка пра гэта з’явілася на сайце інстытуту. У сярэдзіне чэрвеня стала вядома пра закрыццё адной з найстарэйшых прыватных навучальных установаў Беларусі – «БІП – Універсітэт права і сацыяльных тэхналогіяў».

Малюнак: Дэ Лёс

Дэ Лёс belsat.eu

Стужка навінаў