У Беларусі закрываецца яшчэ адна прыватная ВНУ


У Беларусі закрываецца яшчэ адна вышэйшая навучальная ўстанова – Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Абвестка пра гэта з’явілася на сайце інстытуту.

Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці ў Менску на вуліцы Серафімовіча, 11.
Фота: myuniver.org

У абвестцы гаворыцца, што заснавальнікам і кіраўніцтвам Інстытуту прадпрымальніцкай дзейнасці прынятае рашэнне аб спыненні адукацыйнай ліцэнзаванай дзейнасці з 1 верасня 2024 года.

У сувязі з гэтым рашэннем набор студэнтаў у ВНУ на 2024 год ажыццяўляцца не будзе.

«Для прадаўжэння навучання на выбранай спецыяльнасці ўсе навучэнцы па праграмах вышэйшай адукацыі будуць пераведзеныя з іхнай згоды або згоды законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў іншых установаў адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія рэалізуюць адпаведныя адукацыйныя праграмы», – гаворыцца ў паведамленні.

Цяпер кіраўніцтва ВНУ працуе над планам мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне пераводу навучэнцаў.

Усю інфармацыю пра ўстановы, у якія плануецца перавод навучэнцаў, абяцаюць давесці загадзя да кожнага студэнта праз старастаў вучэбных групаў і іншыя спосабы.

Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці быў заснаваны ў 1992 годзе. Навучанне ва ўстанове вялося на такіх спецыяльнасцях, як перакладчыцкая справа, эканоміка і кіраванне, бізнес-адміністраванне, маркетынг, камерцыя.

За больш як трыццаць гадоў працы ІПД падрыхтаваў амаль 8,5 тысячы спецыялістаў.

У сярэдзіне чэрвеня стала вядома пра закрыццё адной з найстарэйшых прыватных навучальных установаў Беларусі – «БІП – Універсітэт права і сацыяльных тэхналогіяў».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў