Менш чым праз месяц пасля масавых пратэстаў, выкліканых законам аб «іншаагентах», кіраўнічая партыя «Грузінская мара» правяла праз першае чытанне законапраект, які накіраваны нібыта на «абарону сямейных каштоўнасцяў», а на справе – абмяжоўвае ў правах квір-людзей. Ініцыятыву крытыкі лічаць часткай перадвыбарчай кампаніі грузінскіх уладаў, якія маніпулююць тэмай ЛГБТ+, заахвочваючы гамафобію і яшчэ больш аддаляючы Грузію ад сяброўства ў ЕЗ, піша BBC.
27 чэрвеня грузінскія дэпутаты ў першым чытанні прынялі законапраект «Аб абароне сямейных каштоўнасцяў і непаўналетніх» і змены яшчэ ў 18 дзейных законах.
Кіраўнік камітэту правоў чалавека і грамадзянскай інтэграцыі Раці Ёнатамішвілі, адзін з аўтараў законапраекту, які прадстаўляў ініцыятыву ў парламенце, назваў «прапаганду і папулярызацыю ЛГБТ» значным выклікам не толькі для Грузіі, але і для іншых краінаў.
«Дзяржавам, у якіх традыцыйныя і сямейныя каштоўнасці, неабходна звярнуць увагу на гэтыя пытанні і прэвентыўна прыняць рамачныя механізмы, якія, з аднаго боку, не абмяжуюць правоў чалавека (і я хачу асабліва падкрэсліць гэтае пытанне), а з другога боку, абароняць будучае пакаленне, непаўналетніх ад шкоднага ўплыву і распаўсюду інфармацыі, не адпаведнай традыцыйным каштоўнасцям», – заявіў Янатамішвілі.
Законапраект забараняе аднаполыя шлюбы, а таксама рэгістрацыю адносінаў у тым выпадку, калі хаця б адзін партнёр у пары «прылічвае сябе да іншага біялагічнага полу». Якім чынам гэта плануецца правяраць – не ўдакладняецца.
Заканадаўства Грузіі, у тым ліку і Канстытуцыя, і так вызначаюць шлюб як саюз паміж мужчынам і жанчынай. Ініцыяваныя папраўкі ўдакладняюць, што гэта мусяць быць людзі рознага біялагічнага полу.
У законапраекце сказана, што квір-людзям забароняць усынаўляць дзяцей, а дактары не змогуць праводзіць хірургічныя аперацыі і іншыя маніпуляцыі, што спрыяюць трансгендарнаму пераходу.
За правядзенне такіх працэдураў прадугледжаная крымінальная адказнасць – штраф з трохгадовай забаронай на прафесійную дзейнасць або нават пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Асобны пакет паправак датычыцца забаронаў, звязаных з распаўсюдам інфармацыі.
Так, забараняецца рэкламаваць, уносіць у адукацыйныя праграмы або распаўсюджваць у навучальных установах і эфірах інфармацыю, накіраваную на «папулярызацыю» трансгендарнасці і аднаполых адносінаў. Забаронена будзе даваць доступ да такой інфармацыі непаўналетнім.
З гэтай жа мэтай забаронена праводзіць публічныя сходы – то бок мітынгі і шэсці.
Транслятарам нельга будзе паказваць сцэны, якія адлюстроўваюць інтымныя адносіны паміж прадстаўнікамі аднаго полу. Гэты ж пункт забараняе паказваць сцэны інцэсту – такім чынам улады фактычна прыраўноўваюць інтымныя адносіны ЛГБТ+ да інцэсту.
У тэксце дакументу няма тлумачэнняў, што менавіта разумеецца пад «папулярызацыяй», затое прапісаныя высокія штрафы за парушэнне гэтых забаронаў, а за паўторныя парушэнні – і крымінальная адказнасць.
Ініцыятывы ў барацьбе з ЛГБТ-прапагандай у грузінскім парламенце былі і раней, але да разгляду яны не даходзілі. Усяго год таму ў кіраўнічай партыі заяўлялі, што нават не плануюць іх разглядаць. Але ўжо гэтай вясной яны самі ініцыявалі ажно канстытуцыйныя змены «для абароны сямейных каштоўнасцяў і непаўналетніх ад псеўдаліберальнай прапаганды».
У «Грузінскай мары» запэўніваюць, што прыняцце закону грунтуецца на падтрыманні пераважнай большасці грузінскага насельніцтва. Як паказваюць апытанні, узровень гамафобіі ў Грузіі застаецца высокім, але стаўленне людзей да ЛГБТ-супольнасці паступова мяняецца.
Са звестак праекту «Сусветны агляд каштоўнасцяў» (World Values Survey), паводле ўзроўню талерантнасці Грузія заняла 82-е месца сярод 88 даследаваных у перыяд 2017–2022 гг. краінаў: больш за 90 % апытаных заявілі, што не апраўдваюць гомасексуальнасці. Гэты паказнік вышэйшы, чым, напрыклад, у Расеі ці Азербайджане.
Паводле даследавання арганізацыі WISG (Група падтрымання жаночых ініцыятываў), у 2021 годзе больш як палова апытаных успрымала барацьбу ЛГБТ-актывістаў за раўнапраўе і самавыяўленне як «навязванне іхнага ладу жыцця», але гэты паказнік у 2021 годзе знізіўся на 21 % у параўнанні з 2016 годам.
У Грузіі, паводле праведзеных «Тэмідай» разам з ECOM (Еўразійскай кааліцыяй здароўя, правоў, гендарнай і сексуальнай разнастайнасці) падліках, трансгендарныя і небінарныя персоны складаюць 0,06 % насельніцтва – гэта значыць каля 2200–2400 асобаў.
У Расеі першы федэральны закон, які забараняе «гей-прапаганду», быў прыняты ў 2013 годзе і першапачаткова датычыў толькі «прапаганды» сярод непаўналетніх, але ў 2022 годзе забарона ахапіла ўжо ўсе ўзроставыя катэгорыі. Годам пазней Дзярждума забараніла аперацыі для трансгендарнага пераходу і гарманальную тэрапію. А потым Вярхоўны суд Расеі прызнаў экстрэмісцкай няісную структуру «міжнародны ЛГБТ-рух».
Гэта прывяло да жаданага ўладамі выніку. Менш чым праз два месяцы пасля гэтай пастановы, паводле падлікаў Расейскай службы BBC, было больш за 40 публічных паведамленняў пра штрафы за «ЛГБТ-прапаганду», рэйды ў гей-клубах, даносы за няправільныя «ўборы» на імпрэзах, закрыццё ЛГБТ-арганізацыяў і іншыя, звязаныя з судовай пастановай, выпадкі. Найчасцей барацьба з «ЛГБТ-рухам» тычылася цэнзуры ў галіне поп-культуры.
Ася Саковіч belsat.eu