«Белавія» спрабавала, але не змагла купіць заходнія самалёты


«Белавія» так і не змагла купіць заходнія самалёты, нават пакарыстаныя – перашкаджаюць санкцыі. Пра гэта піша BelPol са спасылкай на афіцыйныя дакументы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Mindaugas Kulbis / AP Photo / East News

Гендырэктар «Белавія» Ігар Чаргінец днямі заявіў, што кампанія нягледзячы на санкцыі не мае праблем з запаснымі часткамі і можа гарантаваць бяспеку палётаў.

Згодна з дакументамі, якія здабыў BelPol, апошнія самалёты «Белавія» закупіла ў лізінг у 2020 годзе. Цяпер запыты на закупку самалётаў Boeing, Airbus і Embraer ці ігнаруюцца, ці за іх патрабуюць 100 % перадаплаты. А як вынікае з дакументаў, такіх грошай у авіякампаніі няма.

«Белавія» накіравала лізінгавым кампаніям больш за 70 запытаў, але атрымала адмовы. Кампанія звярталася таксама да ўладальнікаў пакарыстаных самалётаў у Таджыкістане, Кыргызстане, Кітаі, ААЭ, Турцыі, Сінгапуры, Узбекістане і Манголіі. Але і тыя адмовіліся.

Затое супрацу ў гэтай сферы прапанаваў Кітай. Праўда, тут ад прапановы адмовілася сама «Белавія». Прычынай стаў высокі кошт і наяўнасць заходніх камплектуючых у самалётах, што паграждае праблемамі з тэхнічным абслугоўваннем.

Вядзе «Белавія» перамовы і з Расеяй, але расейскія авіялайнеры яшчэ толькі плануюцца да серыйнай вытворчасці. Іх пастаўкі могуць адбыцца на раней за 2027 год – і пры ўмове падпісання кантракту ўжо цяпер. Беларускі бок лічыць цэны завышанымі, таму не спяшаецца падпісваць кантракты. Калі б не санкцыі, то «Белавія» магла б заплаціць удвая менш за заходнія аналагі МС-21-310 карпарацыі «Якаўлеў» ці Sukhoi Superjet 100.

Ад набыцця расейскіх самалётаў беларускую авіякампанію спыняе і нежаданне расейскіх лізінгавых кампаній працаваць з ёй. Таксама варта згадаць і неадпаведнасць расейскіх самалётаў заяўленым лётна-тэхнічным характарыстыкам. Яны непрыдатныя для палётаў у Індыю, Кітай, ААЭ і Егіпет, бо замена імпартных рухавікоў на расейскія зрабіла самалёты цяжэйшымі і адначасова знізіла фактычную дальнасць і вышыню палёту.

Каментар
«Рэгіянальная авіякампанія Расеі». За кошт чаго выжывае «Белавія» ва ўмовах санкцыяў?
2023.12.26 18:38

ААТ «Авіякампанія «Белавія» – найбуйнейшы авіяперавознік Рэспублікі Беларусь. Базуецца ў Нацыянальным аэрапорце Менск і ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 10 дзяржаў. Кампанія была створаная 5 сакавіка 1996 года. У траўні 2021 года, пасля інцыдэнту з пасадкай Boeing 737 у Менску з Раманам Пратасевічам на борце, супраць авіякампаніі ўведзеныя санкцыі, якія забараняюць ёй выконваць рэйсы ў краіны ЕЗ, Вялікую Брытанію, ЗША і Украіну. Пазней «Белавія» трапіла ў санкцыйныя спісы Еўразвязу, Швейцарыі і некаторых іншых краінаў Еўропы, а таксама ЗША.

Паветраны флот авіякампаніі «Белавія» складаецца зараз з 13 самалётаў, сярэдні век якіх перавышае 11 гадоў.

Hавiны
Другасныя санкцыі дзейнічаюць. Казахстан патлумачыў, чаму не пускае беларускія «боінгі»
2023.12.14 18:27

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў