Каардынацыйная рада прыняла змены ў статут, якія дазваляюць сумяшчаць мандат дэлегата КР і пасаду ў Аб’яднаным пераходным кабінеце, паведамляе прэс-служба КР.
Змяненні былі прыняты галасаваннем агульным складам. «За» прагаласавала 60 дэлегатаў з 80.
Пункт 2.8 статута прыняты ў наступнай рэдакцыі:
«Дэлегат Каардынацыйнай рады не можа сумяшчаць пасаду прадстаўніка ці яго намесніка з правам голасу ў Абʼяднаным пераходным кабінеце з пасадамі спікера, віцэ-спікера, кіраўніка сакратарыята, кіраўніка камісіі ці сябра працоўнай групы па слуханнях АПК у Кардынацыйнай радзе».
Новую рэдакцыю статута КР пачала распрацоўваць на мінулым тыдні спецыяльна створаная працоўная група. Поўную версію дакументу КР абяцаў апублікаваць у пачатку ліпеня.
Нагадаем, што 12 чэрвеня адбылося першае паседжанне Каардынацыйнай рады трэцяга склікання. Ужо там выявіліся вялікія супярэчнасці паміж фракцыямі, якія засядалі ў КР і кіравалі ёю дасюль, і тымі, хто атрымаў перамогу на першых і пакуль адзіных выбарах. Месцамі дайшло нават да абвінавачванняў як у нежаданні аддаваць уладу, гэтак і ў імкненні яе ўзурпаваць.
Ася Саковіч belsat.eu