Лідарцы прафсаюзу «Нафтан» Вользе Брыцікавай прысудзілі тры гады калоніі


Стаў вядомы прысуд, вынесены лідарцы прафсаюзу «Нафтан» Вользе Брыцікавай. Палітзяволеная асуджаная на тры гады калоніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Вольга Брыцікава.
Фота: «Вестник Нафтана»

Справу ў закрытым рэжыме з сакавіка разглядаў Віцебскі абласны суд (суддзя – Галіна Бондал). Брыцікаву абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы». Прысуд быў вынесены 8 красавіка, а 11 чэрвеня судовая калегія Вярхоўнага суда (пад старшынством суддзі Уладзіміра Чаравача) разгледзела апеляцыйную скаргу і пакінула яе без задавальнення.

Вольга Брыцікава працавала на «Нафтане» начальнікам аддзелу рэалізацыі нафтапрадуктаў. У жніўні 2020 года яна стала актыўнай удзельніцай пратэстаў на прадпрыемстве. Калі ў той час праходзіў сход працоўных з удзелам кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю Івана Церцеля (цяпер ён старшыня КДБ), якраз Брыцікава агучыла патрабаванні да ўладаў. У канцы 2020-га яе звольнілі, а ў 2021 годзе яна стала кіраўніцай незалежнага прафсаюзу на «Нафтане» (незалежныя прафсаюзы ў РБ ужо знішчаныя).

Вольгу Брыцікаву неаднаразова затрымлівалі за выказванні супраць вайны і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У 2022 годзе яна правяла ў зняволенні 105 сутак (з іх 75 – запар). У жніўні 2023 года Брыцікаву затрымалі зноў, на гэты раз распачалі крымінальную справу.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў