У Літве раскрылі чарговую схему абыходу санкцый ЕЗ супраць Беларусі і Расеі


Чарговую схему абыходу санкцый ЕЗ супраць Беларусі і Расеі выявілі ў Літве. Датычыць яна незаконнага ўвозу дарагіх легкавікоў і грузавых аўтамабіляў, піша delfi.lt.

Ілюстратыўнае фота. Аўтамабіль Mercedes-Maybach.
Фота: sales.mercedes-autoforum.ru

Крымінальная служба мытні разам са спецыялістамі адміністрацыі бяспекі транспарту Літвы два дні правяралі фуры, якія перавозяць тавары ў Беларусь і Расею. Яны выявілі, што грузавыя цягачы з паўпрычэпамі кампаній, зарэгістраваных у Літве, едуць у Беларусь і Расею – нібыта для перавозкі грузаў або іх атрыманне. Аднак з-за мяжы яны так і не вяртаюцца. Хутчэй за ўсё, у Беларусі і Расеі іх проста перарэгістроўваюць.

Тое ж самае адбываецца і з легкавікамі класа люкс: некаторыя людзі рэгіструюць такія аўтамабілі на сваё імя, выязджаюць у Беларусь ці Расею і ў Літву ўжо не вяртаюцца.

Літоўскія мытнікі заяўляюць, што будуць адсочваць дзейнасць такіх кампаній, праводзіць рэгулярныя рэйды і дэталёвыя праверкі. Юрыдычным асобам пагражае штраф – 100 % кошту тавару і не менш за 10 тысяч еўра.

Нагадаем, праект «Бюро» выпусціў расследаванне пра экспарт люксавых аўтамабіляў з ЕЗ у Расею праз Беларусь у абыход санкцыяў. Сёлета гэтым маршрутам прайшлі каля тысячы машынаў на $ 100 млн. Пасля расейскага ўварвання ва Украіну шмат якія аўтамабільныя брэнды пакінулі Расею, а экспарт дарагіх машынаў з ЕЗ трапіў пад санкцыі. Аднак заможныя расейцы без гэтых аўтаў не засталіся. Дапамог дазвол на шэры імпарт і беларусы.

Пасля ўвядзення супраць Расеі санкцыяў праз уварванне ва Украіну Менск дапамог Маскве зарганізаваць забеспячэнне санкцыйнаю прадукцыяй. Гэтак, аўтамабілі і запчасткі да іх сталі для Беларусі галоўным артыкулам імпарту ў гандлі з ЕЗ: месячны закупы выраслі з $ 50 млн у студзені 2022 года да $ 268 млн у студзені 2024-га. Краіна пачала выконваць функцыі перавалачнага пункту перш за ўсё для машынаў класу люкс – менавіта іх сегмент прадэманстраваў найбольшы рост.

З 23 сакавіка Польшча перастала выпускаць у Беларусь транзітныя аўтамабілі з аб’ёмам рухавіка, большым за 1,9 літра, або даражэйшыя за 50 000 еўраў незалежна ад аб’ёму рухавіка. Ад кіроўцаў аўтамабіляў патрабуюць дакумент ад вытворцы, які пацвярджаў бы права на экспарт машыны за межы Еўразвязу. Там мусіць быць указана, што вытворца ведае, хто прадае і хто купляе аўтамабіль, а ўгода не выклікае перасцярог датычна магчымага абыходу санкцыяў. Акрамя таго, вытворца мусіць пацвердзіць, што ведае канчатковага ўласніка аўтамабіля і ўпэўнены, што машына не будзе перапрададзеная. Таксама кіроўца мусіць падпісаць заяву, што ведае пра крымінальную адказнасць за фальшаванне такога дакументу. Услед за Польшчай падобныя абмежаванні ўвяла і Латвія.

Літва сталася апошняй краінай Еўразвязу, што мяжуе з Беларуссю, якая ўвяла новыя правілы. Адбылося гэта 3 чэрвеня. Праўда, перавознікі і так адзначалі, што Літва строга сачыла за тым, каб машына накіроўвалася менавіта ў Беларусь, а не ў Расею.

Hавiны
Нямеччына і Францыя дамагліся змякчэння новых санкцый ЕЗ супраць Менску
2024.06.27 13:43

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў