Пяцёра барцоў з беларускімі пашпартамі былі кваліфікаваныя на ўдзел у Алімпіядзе ў Парыжы і атрымалі статус нейтральных атлетаў, аднак адхілілі запрашэнні на гульні, паведамляе Міжнародны Алімпійскі камітэт. Таксама стала вядома, што МАК кваліфікаваў да ўдзелу тэнісістак Арыну Сабаленку і Вікорыю Азаранку.
Не паедуць на Алімпіяду Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава і Крысціна Сазыкіна. Адзіным барцом – прадстаўніком Беларусі на Алімпіядзе, стане Абубакар Хаслаханаў, ураджэнец Дагестану – ён прыняў запрашэнне.
«Беларуская федэрацыя барацьбы расчараваная сітуацыяй, якая складваецца вакол нашых спартоўцаў у МАК», – пракаментавала адхіленне запрашэнняў Беларуская федэрацыя барацьбы.
Два расейскія спартоўцы таксама адхілілі запрашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэту: Аляксандр Уласаў (веласпорт) і Вераніка Чумікава (барацьба).
Міжнародны алімпійскі камітэт 15 чэрвеня апублікаваў спіс беларускіх і расейскіх спартоўцаў, якім дазволілі ўдзельнічаць сёлета ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў індывідуальным нейтральным статуце.
Спартоўцаў адбірала адмысловая нейтральная камісія AINERP, што ацэньвала права кожнага грамадзяніна Беларусі і Расеі на ўдзел у Алімпіядзе. Абраныя спартоўцы змогуць удзельнічаць толькі пры ўмове прыняцця індывідуальнага запрашэння і падпісання ўмоваў удзелу, у якіх яны абавязуюцца выконваць Алімпійскую хартыю, у тым ліку «Мірную місію Алімпійскага руху».
МАК не дапусціў да ўдзелу ў Алімпіядзе беларускіх пяціборцаў.
«Індывідуальная нейтральная група па праверцы адпаведнасці спартоўцаў патрабаванням (AINERP) разгледзела кандыдатуры спартоўцаў з Расеі і Беларусі ў адпаведнасці з рашэннем выканаўчай рады МАК і вызначанымі прынцыпамі. Група здолела скарыстацца новай інфармацыяй з розных крыніцаў, у прыватнасці, афіцыйнымі спісамі спартоўцаў, звязаных са спартовымі клубамі ваенных і сілавых структураў, апублікаванымі на афіцыйных сайтах гэтых краінаў», – гаворыцца ў заяве МАК.
На дадзены момант у спісе беларускіх спартоўцаў, якіх запрасілі на Алімпіяду:
Побач з прозвішчамі весляроў, тэнісістаў і стралкоў няма пазнакі, прынялі яны запрашэнне ці не, аднак вядома, што Сабаленка на Алімпіяду не паедзе.
Спіс спартоўцаў яшчэ будзе абнаўляцца.
Індывідуальныя нейтральныя спартоўцы (AIN) – гэта спартоўцы з беларускімі або расейскімі пашпартамі, якія атрымалі права ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы.
Удзел у Алімпійскіх гульнях-2024 у Парыжы прадугледжвае прыняцце спартоўцам індывідуальнага запрашэння і падпісанне Умоваў удзелу, якія прымяняюцца да ўсіх удзельнікаў. Форма змяшчае абавязацельства паважаць Алімпійскую хартыю, у тым ліку «мірную місію алімпійскага руху».
Беларуская бягуння Крысціна Ціманоўская, якая выступае за Польшчу, таксама заваявала пуцёўку на Алімпійскія гульні.
Алімпіяда пройдзе ў Парыжы 26 ліпеня – 11 жніўня 2024 года.
Марыя Міхалевіч belsat.eu