Нямеччына і Францыя дамагліся змякчэння новых санкцый ЕЗ супраць Менску


Нямеччына і «некаторыя іншыя краіны-экспарцёры» вымусілі Еўразвяз аслабіць новы пакет санкцыяў супраць Менску, паведамляе нямецкі партал tagesspiegel.de.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сцягі краінаў «Вялікай сямёркі» і сцяг Еўразвязу. Японія. 27 траўня 2016 года.
Фота: Georgina Coupe / Number 10 / Flickr, CC BY-NC-ND 2.0

Са спасылкаю на некалькі крыніцаў выданне ўдакладняе, што «не ўдалося дасягнуць пагаднення аб поўнай забароне на экспарт з ЕЗ транспартавых сродкаў», супраць гэтага выступіў Берлін.

Адзначаецца, што забарона закране толькі тэхніку, якая «можа быць выкарыстаная ў вайсковых мэтах». Такое змякчэнне новых санкцыяў падтрымала Францыя.

«Таксама павінны быць выключэнні для прадметаў раскошы, такіх як вырабы са скуры, парфумерыя і віно», – гаворыцца ў публікацыі.

Нагадаем: раней выданне «Politico» са спасылкаю на некалькіх еўрапейскіх дыпламатаў паведамляла, што Нямеччына і Францыя выступаюць супраць намеру Еўрапейскага Звязу перакрыць канал паставак люксавых аўтамабіляў у Расею праз Беларусь.

Hавiны
«Politico»: Францыя і Нямеччына не хочуць перакрываць канал паставак аўтаў у РФ праз Беларусь
2024.06.07 11:10

Пасля ўвядзення супраць Расеі санкцыяў праз уварванне ва Украіну Менск дапамог Маскве зарганізаваць забеспячэнне санкцыйнаю прадукцыяй. Гэтак, аўтамабілі і запчасткі да іх сталі для Беларусі галоўным артыкулам імпарту ў гандлі з ЕЗ: месячны закупы выраслі з $ 50 млн у студзені 2022 года да $ 268 млн у студзені 2024-га. Краіна пачала выконваць функцыі перавалачнага пункту перш за ўсё для машынаў класу люкс – менавіта іх сегмент прадэманстраваў найбольшы рост.

Напярэдадні, 26 чэрвеня, амбасадары краінаў Еўразвязу пры Еўрапейскай радзе ўзгаднілі новы пакет санкцый у дачыненні Беларусі. Чакаецца, што іх могуць зацвердзіць ужо 27–28 чэрвеня на саміце ЕЗ у Бруселі, але пытанне Беларусі ў яго парадку дня пакуль не пазначанае.

«Гэты пакет узмоцніць нашыя захады ў адказ на ўварванне Расеі ва Украіну, у тым ліку барацьбу з абыходам санкцыяў», – паведаміла бельгійскае старшынёўства ў ЕЗ.

Еўрапейскі Звяз увёў санкцыі ў дачыненні Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі (БРСМ) і персанальна яго першага сакратара Аляксандра Лук’янава, холдынгу «БелОМА» і яго генеральнага дырэктара Аляксандра Мароза, а таксама дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава.

Згаданыя санкцыі былі ўведзеныя ў межах 14-га пакету санкцыяў супраць Расеі, прынятых у сувязі з працягам расейскай агрэсіі супраць Украіны, якая пачалася 24 лютага 2022 года. Папярэдні, 13-ы пакет быў прымеркаваны да другой гадавіны расейскага ўварвання ва Украіну.

У чарговы пакет трапілі ў прыватнасці старшыня Наваполацкага гарвыканкаму (Віцебская вобласць) Дзмітрый Дзямідаў, генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў, паралімпіец Аляксей Талай і ягоны фонд, якія мелі дачыненне да «незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Рэспубліку Беларусь».

Тады ж у санкцыйныя спісы былі паўторна ўнесеныя 2566-ы завод для рамонту радыёэлектроннага ўзбраення (Барысаў, Менская вобласць) і яго дырэктар Валер Шаціла, завод «Пеленг» (Менск), Аршанскі авіярамонтны завод (Віцебская вобласць) і яго дырэктар Павел Случак. Адзначалася, што згаданыя прадпрыемствы задзеяныя ў падтрыманні вайскова-прамысловага комплексу Расеі.

На гэты момант дзеюць восем пакетаў санкцыяў ЕЗ супраць афіцыйнага Менску, апошні з іх прынялі ў жніўні 2023 года.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў