«Былога пад’ёму салідарнасці няма, але падтрымка не спыняецца». Чаго чакаць беларусам у Літве?


Складанасці з атрыманнем візы, пільная ўвага з боку дзяржавы, прызнанне пагрозай нацыянальнай бяспецы, ануляванне дазволу на жыхарства праз ранейшую працу ў дзяржорганах – тое, з чым сутыкаюцца беларусы ў Літве цягам апошніх двух гадоў. Чаму так адбываецца і ці насамрэч усё кепска? Ці варта беларусам думаць пра ад’езд у іншыя краіны? Спрабуем разабрацца ў сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міжнародная акцыя «Дзень салідарнасці» прайшла ў Вільне ў трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
Фота: Белсат

«Былі пытанні, ці я мела сувязі з КДБ»

Беларус Ягор Міхалькевіч залез на вышку мабільнай сувязі ў Вільні, каб звярнуць увагу на сваю сітуацыю – ён з 2020 года спрабуе атрымаць міжнародную абарону ў Літве, але пакуль без шанцаў.

Салдат тэрміновай службы Мікіта Свірыд уцёк у Літву наўпрост з войска ў траўні 2022 года, папрасіў палітычнага прытулку, аднак атрымаў адмову, якую не скасаваў у тым ліку суд.

Беларус Аляксей пражыў у Літве 17 гадоў, аднак яму не працягнулі дазвол на жыхарства праз тое, што ён служыў у беларускай арміі.

Гэта толькі некаторыя з гісторыяў беларусаў у Літве, пра якія распавядаюць медыі. Мы пагутарылі з двума беларускамі, якія з 2021 года жывуць у Вільні, і запыталіся ў іх, як цяпер выглядае сітуацыя з легалізацыяй у краіне, і як яны сябе пачуваюць там, з якім стаўленнем сутыкаюцца.

Беларуска Ірына (імя змененае з меркаванняў бяспекі) сёлета падаўжала дазвол на жыхарства і ў другі раз запаўняла анкету, у якой трэба было пазначыць сваё стаўленне да вайны ва Украіне і кантакты з беларускімі дзяржаўнымі органамі.

«Былі пытанні, ці я мела нейкія сувязі з КДБ, ці працавала на дзяржаўнай службе і ці ёсць у мяне знаёмыя, якія цяпер працуюць у такіх органах. Я яшчэ да 2020 года працавала ў звычайнай беларускай школе, і калі першы раз запаўняла анкету, удакладніла, ці мне варта гэта пазначаць. Мне сказалі, што не. У выніку і ў першы, і другі раз у мяне па ўсіх пунктах былі прочыркі, таму ніякіх праблем не ўзнікла», – распавядае Ірына.

З’язджаюць айцішнікі, якія «вайсковыя кафедры сканчалі»

Сёлета дзяўчына атрымала другі ДНЖ на тры гады, нягледзячы на тое, што ў яе праз 2,5 гады сканчаецца беларускі пашпарт. Беларуска адзначае прыязнае стаўленне ў міграцыйнай службе і агулам у грамадстве:

«У мяне ніколі не было нейкіх сутыкненняў на тэму ліцвінізму і т.п. Хоць я не скажу, што часта перасякаюся з літоўцамі, але калі даводзіцца, усё з большага пазітыўна. Хоць я па мінімуме стараюся выкарыстоўваць расейскую мову, пераважна англійскую ўжываю, бо літоўскай яшчэ не валодаю. Але нават калі па-расейску размаўляю, не адчуваю негатыву. Агулам, мая выснова: калі ставішся з павагай, то і да цябе гэтак жа ставяцца».

Некаторыя беларусы цяпер з’язджаюць з Літвы, але прычыны ў кожнага свае, кажа Ірына:

«Пераважна з’язджаюць айцішнікі, і агулам па працы, бо яе ў Польшчы больш, а таксама вялікія сем’і праз дарагавізну жыцця ў Літве».

Наста (імя змененае з меркаванняў бяспекі), якая тры гады таму ўцякла ў Літву ад пераследу на радзіме, таксама заўважыла, што з’язджаюць пераважна айцішнікі, «бо многія вайсковыя кафедры сканчалі». Дзяўчына і сама думала пра ад’езд з Літвы, калі пачалася гісторыя з «ліцвінізмам».

«Для мяне гэтая сітуацыя была вельмі некамфортная, яна моцна паўплывала на мой псіхічны стан. Мне падавалася, што да нас паўсюль ставяцца варожа, таму доўгі час асабліва нікуды не хацела хадзіць, выбіралася толькі туды, дзе з большага беларусы», – распавядае Наста.

Дзяўчына разам з сям’ёй думала пра пераезд у Польшчы, яны нават жытло ўжо пачыналі шукаць, але пакуль нашым суразмоўцам незразумела, як легалізавацца ў Польшчы з літоўскім гуманітарным дазволам на жыхарства.

Аналітыка
Новыя санкцыі Літвы: памылка ці злая воля?
2024.06.04 20:33

Праца ў дзяржорганах – не заўсёды падстава для пазбаўлення ДНЖ

У Літве цяпер жыве беларускі юрыст Алег Агееў. Ён кажа, што беларусы мусяць падзякаваць літоўскай рэспубліцы за прадстаўленыя магчымасці легалізацыі.

«Беларусы ў Літве цяпер найчасцей легалізуюцца па двух падставах – эканамічнай – па працы і гуманітарнай. Паводле апошніх лічбаў, якія я чуў, Літва выдала 62 тысячы ДНЖ беларусам, з іх 6 тысяч – гуманітарныя, астатнія – па іншых прычынах і пераважна працоўныя», – зазначае юрыст.

Спадару Агееву невядомыя выпадкі, калі б узнікалі праблемы ў беларусаў, якія атрымалі гуманітарны ДНЖ.

«Але адначасова больш за 1200 беларусаў Літва прызнала пагрозай нацыянальнай бяспецы. І гэта выклікае напружанасць, таму што гэта нашыя суайчыннікі, якія тут знайшлі працу, легалізаваліся, а некаторыя з іх могуць мець падставы для пераследу ў Беларусі, хоць і выбралі не гуманітарны шлях легалізацыі. Падставай для прызнання пагрозай нацыянальнай бяспецы стала праца на дзяржаўныя ўстановы ў Беларусі – ад ратаўнікоў МНС да вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС, калоніяў. Ім адмаўляюць у ДНЖ ці анулююць раней выданы і даюць час на тое, каб добраахвотна пакінуць Літву», – кажа юрыст.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі пашпарт і часовыя віды на жыхарства ў Літве.
Фота: Белсат

Хоць так бывае не ва ўсіх выпадках, кажа юрыст, і прыводзіць свой прыклад – спадар Алег некалі служыў у беларускім войску, аднак у Літве ён паказаў цяперашнія рэпрэсіі ў дачыненні яго з боку беларускай дзяржавы і атрымаў гуманітарны ДНЖ.

«Літва ўважліва глядзіць, ці ёсць доказы рэпрэсіяў, і калі ёсць, і існуе пагроза пераследу ў Беларусі, то чалавек атрымае гуманітарны ДНЖ, нават калі раней працаваў у дзяржаўных органах. Таму сітуацыя не катастрафічная. Так, складанасці ёсць, але Літва працягвае аказваць шмат дапамогі беларусам, нават ва ўмовах неабходнасці супрацьдзеяння гібрыднай вайне з боку рэжыму Лукашэнкі», – кажа Алег Агееў.

Асобна беларускі юрыст згадвае пра прытулак у Літве і зазначае, што Літва амаль не выдае статус уцекача беларусам, і тут хутчэй за ўсё не дапаможа і суд.

«У Літве трэба паказаць сапраўды сур’ёзны пераслед, каб атрымаць статус уцекача, але гуманітарны ДНЖ даюць. Хоць яго могуць пазбавіць, калі чалавек працягвае ездзіць у Беларусь», – зазначае наш суразмоўца.

«Прыярытэт – беларусы, якія змагаюцца за свабодную Беларусь»

Літва як аказвала, так і працягвае аказваць дапамогу беларусам, падкрэслівае Літоўскі палітолаг, кіраўнік літоўскага офісу «Freedom House» Віціс Юрконіс:

«Літва як была, так і застаецца ці не самай спагаднай краінай да беларусаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў. Але каштоўнасная павестка цяпер галоўная: прыярытэт – беларусы, якія змагаліся і змагаюцца за дэмакратычную і свабодную Беларусь».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вільня падчас саміту NATO.
Фота: Белсат

Спадар Юрконіс пералічвае крокі, якія Літва зрабіла і працягвае рабіць насустрач беларусам: працягвае выдаваць візы на гуманітарных падставах, працягнула гуманітарны дазвол на жыхарства на тры гады, адной з першых адрэагавала на «консульскі» указ і пачала выдаваць пашпарты замежнікаў.

«Калі казаць пра рэчаіснасць, трэба глядзець на гэтыя факты. Калі казаць, пра ўражанні і ўспрыняцце, то тут пытанні і да СМІ, і да некаторых палітыкаў, якія чамусьці імкнуцца сеяць недавер сярод беларусаў і літоўцаў, – кажа Віціс Юрконіс. – Ёсць нейкія адзінкавыя эпізоды непаразуменняў, якія асвятляюцца напоўніцу, але ёсць і дастаткова выпадкаў злоўжыванняў – напрыклад, людзі ездзілі ў Беларусь з гуманітарнай візай, ці халатнасці, калі людзі падаюцца на працяг ДНЖ у апошні момант і не паспяваюць па тэрмінах, і гэтыя выпадкі замоўчваюцца».

Літоўскі палітолаг падкрэслівае, што нягледзячы на ўсе дзеянні рэжыму Лукашэнкі – гісторыю з самалётам «Ryanair», міграцыйны крызіс, удзел Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны, выпадкі шпіянажу беларусаў на карысць Расеі ў Польшчы, удзел беларускіх бізнесаў у абыходзе санкцыяў, – Літва працягвае дапамагаць беларусам.

Дагэтуль існуе шмат магчымасцяў атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве: ад blue card для высокакваліфікаваных супрацоўнікаў да гуманітарнага ДНЖ.

Hавiны
Дарадца прэзідэнта Літвы заклікаў скараціць паток людзей, якія прыбываюць з Беларусі
2024.04.30 23:36

«Але ДНЖ – гэта не меню ў рэстарацыі, а канкрэтнае адпавяданне крытэрам і правілам. А акрамя іх, пасля 2022 года, больш вострым стала каштоўнаснае пытанне – пазіцыя па анексіі Крыму, вайне ва Украіне, рэпрэсіях у Беларусі, колішняя праца ў дзяржаўных органах. Я спадзяюся, наконт гэтага ніхто не будзе спрачацца, хоць разумею спектр меркаванняў адносна таго, што праца пажарным не раўняецца працы ў пракуратуры, – кажа палітолаг. – Калі ты актыўна выказваў ці адстойваў сваю грамадзянскую пазіцыю падчас пратэстаў, пацярпеў ад рэпрэсіяў, пытанняў адносна тваёй папярэдняй працы будзе менш. Напрыклад, былы амбасадар Уладзімір Астапенка кіраваў бюро беларускіх дэмакратычных сілаў у Бруселі».

«Вызначыць чырвоную рысу саўдзелу ў дзейнасці рэжыму Лукашэнкі»

Віціс Юрконіс пагаджаецца, што цяпер у Літве не бачна такога пад’ёму салідарнасці з беларусамі, як гэта было ў 2020 годзе, але гэта не значыць, што яна зусім знікла.

«На вуліцах Менску таксама няма пратэстоўцаў, але гэта не значыць, што пратэсныя настроі зніклі», – параўноўвае палітолаг.

Спадар Юрконіс зазначае, што цяпер у Вільні часцей стала гучаць расейская мова, што некаторых мясцовых пужае. Таксама асабліва падчас выбараў гучаць галасы пра рознага кшталту пагрозы.

«На жаль, беларусы чуюць іх куды больш, чым галасы тых, якія іх падтрымліваюць – нашых еўрапарламентарыяў, прэм’ер-міністра, міністра замежных справаў і т.п. І гэта зноў скажае карціну. Натуральна, што калі ў 2020 годзе пытаннем нумар адзін у вонкавай палітыцы была Беларусь, то цяпер пасля 2022 года такім пытаннем стала Украіна і туды грамадзянскія ініцыятывы найперш накіроўваюць сваю ўвагу», – кажа палітолаг.

Адносна прытулку ў Літве, спадар Юрконіс зазначае, што галоўная прычына адмоваў – тое, што заяўнікі не адпавядаюць крытэрам надання статусу ўцекача.

Вулічнае жыццё Вільні, уличная жизнь Вильнюса
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па вуліцы Вільняўс у сталіцы Літвы.
Фота: Белсат

«Тут трэба казаць пра іншую праблему, што ёсць безадказныя людзі і арганізацыі, якія, нягледзячы на наяўнасць іншых спосабаў легалізацыі, накіроўваюць і так уразлівых людзей на падачу на статус уцекача, – зазначае палітолаг. – І нагадаю пазіцыю літоўскіх уладаў, якія пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну заявілі, што прытулак для мабілізаваных, салдатаў тэрміновай службы з суседніх аўтарытарных краінаў Літва не будзе выдаваць з меркаванняў нацыянальнай бяспекі. І той, хто тарпедуе гэта, выклікае пытанні».

Віціс Юрконіс мяркуе, што беларусы самі павінны вызначыць, дзе «праходзіць чырвоная рыса саўдзелу ў дзейнасці рэжыму Лукашэнкі».

«Паўтаруся, Літва спагадная да беларусаў, і датычна гуманітарных візаў, і пашпартоў замежнікаў, але калі ёсць чаканне, што гэта датычыць абсалютна ўсіх – і настаўніка, які ўдзельнічаў у фальсіфікацыі выбараў, і тых, хто гандляваў «абаронкай», і чыноўнікаў сярэдняга звяна – гэта няправільнае ўражанне».

«У цэнтры – пытанне нацыянальнай бяспекі»

Валер Кавалеўскі, які на момант размовы займаў пасаду прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету па замежных справах, пагаджаецца, што за апошні час літоўскай дзяржавай былі прынятыя «некаторыя рашэнні, якія паказваюць больш пільную ўвагу да беларусаў»:

«Мы разумеем іх логіку, бо цяпер у цэнтр ставіцца пытанне нацыянальнай бяспекі. Гэта прадыктавана саўдзелам Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, а таксама міграцыйным крызісам, які не спыняецца, і занепакоенасцю літоўскіх уладаў тым, што беларускія спецслужбы ўсё ж могуць нейкім чынам пранікаць на тэрыторыю Літвы».

Разам з тым спадар Кавалеўскі адзначае станоўчыя зрухі:

«Ад пачатку крызісу ў Беларусі дзясяткі тысяч беларусаў прыехалі ў Літву і атрымалі магчымасць жыць і працаваць у бяспецы. Нядаўна Літва вырашыла падоўжыць гуманітарны ДНЖ для беларусаў да трох гадоў, што вельмі важна – нам пайшлі насустрач, прыслухаліся і да голасу палітычных структураў, і да грамадзянскай супольнасці».

Пэўныя рашэнні, якія ствараюць нязручнасці беларусам, прымае апошнім часам не толькі Літва, але і Польшча, напрыклад, закрыццё праграмы PBH, зазначае Валер Кавалеўскі.

«Яна была не самым лепшым чынам сканструяваная, і былі злоўжыванні – цяпер польская дзяржава вядзе расследаванне гэтых выпадкаў. Тут ёсць пэўная непаслядоўнасць, мне здаецца, што парушылі правілы выкарыстання гэтай праграмы яе адміністратары, але плацяць за гэта беларусы, і з гэтым мы спрабуем разабрацца, знайсці нейкія рашэнні, размаўляем з польскімі ўладамі, – кажа палітык. – У нас няма інфармацыі, якія беларускія айцішнікі сталі шпіёнамі на тэрыторыі Польшчы, хоць ёсць звесткі, што некаторыя беларускія грамадзяне сапраўды ўдзельнічалі ў крымінальнай дзейнасці на карысць расейскіх спецслужбаў. Таксама бываюць паведамленні, што беларусы ўдзельнічаюць у незаконным міграцыйным трафіку праз мяжу. Гэта, канешне, не на нашую карысць, хоць у гэтай дзейнасці могуць удзельнічаць і самі палякі, і ўкраінцы».

Hавiны
Служба дзяржбяспекі Літвы не знайшла ліцвінізму ў беларускай дыяспары
2024.03.20 15:15

«Галоўная задача – вяртанне да дому»

У той жа час Валер Кавалеўскі не бачыць перадумоваў для зніжэння дапамогі беларусам як з боку Літвы, так і з боку Польшчы.

«Я бачу, што гэтая палітыка вельмі ўстойлівая, што ёсць разуменне таго, што адбываецца ў Беларусі і важнасці Беларусі як дэмакратычнай незалежнай еўрапейскай краіны. У гэтым сэнсе мы на адной хвалі з нашымі партнёрамі ў Літве і ў Польшчы. Ёсць палітычная аснова для нашай супрацы. Іншая справа, што ў практычным вымярэнні гэтую палітычную добрую волю трэба ўмець канвертаваць у практычныя рашэнні. І гэта тая праца, якая будзе весціся заўсёды, і мы будзем старацца ствараць дадатковыя спрыяльныя ўмовы для беларусаў не толькі за мяжой, але таксама і ў самой Беларусі», – кажа прадстаўнік АПК.

Адначасова Валер Кавалеўскі зазначае, што «дзе б мы ні знаходзіліся, заўсёды будзе няпроста не ўдома, у іншым культурным асяроддзі, а займацца пытаннямі легалізацыі – вельмі складаная задача».

«І палітычныя структуры проста не ў стане вырашыць праблемы па легалізацыі кожнага беларуса, дзе б ён ні знаходзіўся. Гэта найперш задача і адказнасць кожнага чалавека – глядзець, як можна прайсці гэтыя працэдуры самастойна. І многія з тых праблем, з якімі мы сутыкаемся, вырашальныя», – кажа палітык.

Галоўнай жа нашай задачай, паводле спадара Кавалеўскага павінна быць вяртанне да дому:

«Гэта тое месца, дзе мы будзем з усімі правамі і магчымасцямі. Можна патраціць вельмі шмат часу і рэсурсаў, каб інтэгравацца ў іншыя грамадствы, але ў нас на сённяшні дзень досыць спрыяльныя ўмовы за мяжой, каб працаваць над тым, каб вызваліць Беларусь ад дыктатуры і расейскай прысутнасці, што мы і павінны рабіць».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў