Сітуацыя ва Украіне: расейцы павялічылі актыўнасць на паўночным усходзе


«Белсат» падводзіць вынікі 855-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 27 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Раварысты праязджаюць міма Сцяны памяці з фотаздымкамі ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў вайне з расейскімі акупантамі з 2014 года. Кіеў, Украіна. 28 траўня 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

Аналітыкі праекту Deepstate паведамляюць, што на паўночным усходзе ад Харкава ідуць баі каля сяла Сотніцкі Казачок (на мяжы з Белгародскай вобласцю РФ). Адзначаецца, што Узброеныя сілы РФ дзейнічаюць не лінейнымі падраздзяленнямі, а дыверсійнымі групамі. Паводле крыніцы, сітуацыя на гэтым участку фронту пагоршылася пасля правядзення ратацыі ўкраінскімі вайскоўцамі.

Таксама ў Харкаўскім раёне працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Глыбокае. Прарасейскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, пасля дазволу на ўдары па тэрыторыі РФ, Збройным сілам Украіны ўдаецца адразаць шляхі забеспячэння праціўніка, што ў сваю чаргу прыводзіць да паступовага прасоўвання ў Глыбокім.

У Чугуеўскім раёне Харкаўскай вобласці баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў. Істотных прасоўванняў любога з бакоў не фіксуецца, пры гэтым расейцы працягваюць знішчаць населены пункт цяжкімі авіяцыйнымі бомбамі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што ЗСУ назапашваюць рэзервы з поўдня ад ракі Воўча, а таксама спрабуюць перапраўляцца цераз яе.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Стэпавая Навасёлаўка, Пішчанае, Стэльмахаўка і Андрэеўка.

Тым часам прарасейскі крыніцы пішуць пра ўзнаўленне баёў каля Сынькоўкі. У прыватнасці, тэлеграм-канал «Военные Сводки (СВО)» фіксуе рух войскаў РФ на ўсходзе ад населенага пункту.

«Рыбарь» удакладняе, што агулам удалося прасунуцца на адлегласць да паўтара кіламетра ў кірунку сяла Петрапаўлаўка.

Акрамя гэтага крыніца адзначае поспехі УС РФ на рубяжы Стэльмахаўка – Мясажарыўка, дзе яны замацаваліся на ўсходніх ускрайках першага населенага пункту.

Тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» прызнае складаную сітуацыю для ЗСУ на кірунку, але пакуль яна застаецца кантраляванай.

Іншая праўкраінская крыніца – «Офіцер» – паведамляе, што паралельна з наступам войскі РФ моцна абстрэльваюць тылы праціўніка з авіяцыі.

На суседнім ліманскім кірунку, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы ціснуць каля населеных пунктаў Капанкі, Макееўка, Неўскае, Церны і Торскае.

«Рыбарь» мяркуе, што ў ваколіцах двух апошніх сёлаў (так званы торскі выступ па фронце) войскі РФ пакуль не маюць істотных поспехаў, але, імаверна, маглі заняць некалькі лесапалосаў і вадасховішча за чатыры кіламетры на ўсход ад Торскага.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец Узброеныя сілы РФ наступаюць у ваколіцах сёлаў Спірнае, Раздолаўка і Выемка.

У Deepstate гавораць, што каля апошняга населенага пункту расейцы крыху прасунуліся.

Тым часам прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся каля Спірнага і падышлі да ўскрайкаў сяла.

Адначасова з гэтым, паводле крыніцы, працягваецца зачыстка Раздолаўкі. Пры гэтым расейцам удаецца рухацца ўздоўж чыгункі на захадзе ад населенага пункту.

На краматорскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах. Канал «Два майора» піша, што ЗСУ ўвялі ў бой рэзервы і контратакавалі каля сяла Калінаўка (на поўначы ад гораду).

На тарэцкім кірунку расейцы ціснуць на ўсходзе ад аднайменнага гораду ў ваколіцах сёлаў Паўночнае і Нью-Ёрк.

Прарасейскія крыніцы паведамляюць, што адначасова з гэтым войскі РФ выйшлі да ўскрайкаў населенага пункту Залізнае (на паўднёвым усходзе ад Тарэцку).

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На захадзе ад Аўдзееўкі ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць па ўсёй шырыні фронту. У сваю чаргу ЗСУ контратакуюць, што на асобных участках надае баям сустрэчны характар. Пры гэтым расейцам удаецца паступова рухаюцца на паўднёвым фланзе ў ваколіцах сяла Карлаўка.

Ніжэй па фронце, паводле Deepstate, УС РФ зноў прасунуліся на тэрыторыі Краснагораўкі. Сітуацыя застаецца складанай для Сілаў абароны Украіны.

Таксама на курахаўскім кірунку расейцы атакуюць на подступах да сяла Канстанцінаўка.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў Узброеныя сілы РФ ціснуць на паўночных ускрайках сяла Старамаёрскае, а таксама ў суседнім Ураджайным. У адказ ЗСУ контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі. Але пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баі лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў. Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што на паўночным захадзе ад сяла Новапакроўка і на ўсходзе ад Рабытына расейцы штодня маюць мінімальныя прасоўванні, што ў першую чаргу звязваецца з недахопам рэзерваў і боепрыпасаў у Збройных сілаў.

У Херсонскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, за апошнія содні Сілы абароны краіны адбілі прынамсі пяць атак праціўніка.

Канал «Два майора» лакалізуе баі на левым беразе Дняпра ў ваколіцах Антонаўскага моста.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў