Кадравы ператрус: кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі стаў Дзмітрый Крутой. Хто яшчэ атрымаў новыя пасады?


Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня правёў кадравы дзень. Сярод іншых, ён прызначыў новага кіраўніка сваёй Адміністрацыі. Ім стаў Дзмітрый Крутой. 

Дзмітрый Крутой.
Фота: president.gov.by

Да гэтага часу 43-гадовы Дзмітрый Крутой займаў пасаду пасла Беларусі ў Расеі. Да прызначэння паслом ён паспеў папрацаваць намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама міністрам эканомікі і першым віцэ-прэм’ерам.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка афіцыйна вызваліў Ігара Сергеенку ад пасады кіраўніка сваёй Адміністрацыі 29 сакавіка. З таго дня, як відаць, абавязкі кіраўніка выконваў першы намеснік Сергеенкі Максім Рыжанкоў.

Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг іншых прызначэнняў.

Міністрам замежных справаў стаў Максім Рыжанкоў (першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі),

Міністрам прамысловасці – Аляксандр Яфімаў (да гэтага – намеснік у міністэрстве),

віцэ-намеснікам у пытаннях АПК – Юрый Шулейка,

міністрам сельскай гаспадаркі стаў Анатоль Ліневіч (да гэтага моманту – першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкаму),

Аляксандр Рагожнік едзе паслом у Расею,

памочнікам Лукашэнкі ў справах Менску стаў Юрый Фралоў (працаваў у КДК).

Першай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта прызначаная 51-гадовая Наталля Пяткевіч. Яе вярнулі ў найвышэйшую ўладу пасля доўгага перапынку. Апошнія пяць гадоў Пяткевіч жыла ў ЗША, хоць была пад санкцыямі гэтай краіны.

Да зʼяўлення на палітычным алімпе Наталлі Качанавай самай высокапастаўленай жанчынай Беларусі была менавіта Пяткевіч. У 2018 яна выйшла замуж за Валянціна Рыбакова, сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН, і пераехала да яго ў Нью-Ёрк. Пяткевіч заставалася пад амерыканскімі санкцыямі, якія, аднак, мелі выключэнне для чальцоў семʼяў дыпламатаў, акрэдытаваных пры ААН.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў