26 чэрвеня павінна было адбыцца блакаванне тых беларускіх кліентаў польскага банку Santander, якія не падалі ў банк від на жыхарства тэрмінам не менш за год. Але станам на вечар 27 чэрвеня масавага блакавання не адбылося, паведамляе тэлеграм-канал «ИНФОПОЛЕ | новости Польши».
Згодна з ім, адзіная змена ў палітыцы банку адносна беларусаў – новы рахунак без ВНЖ адкрыць будзе праблематычна, як і атрымаць доступ да новых прадуктаў банку.
Гэтыя звесткі пацвярджае і большасць карыстальнікаў чату Santander protest. Аднак некаторыя з іх заўважаюць, што кропкавыя блакаванні кліентаў-беларусаў усё ж былі, а далейшымі блакаваннямі банк можа заняцца, «як рукі дойдуць». Як заўважаюць карыстальнікі, 26 чэрвеня – гэта толькі дэдлайн для таго, каб данесці ВНЖ, а не час, калі мусілі пачацца блакаванні.
Банк Santander стаўся папулярным сярод беларусаў у Польшчы дзякуючы мінімуму дакументаў, неабходных для адкрыцця рахунку: было дастаткова пашпарту з візаю і падатковага нумару PESEL. Але апошнім часам беларусы пачалі сутыкацца з новым патрабаваннем з боку банку: неабходнасці наяўнасці ў кліента віду на жыхарства ў любой краіне Еўразвязу з тэрмінам дзеяння не менш як 12 месяцаў. Новыя правілы накіраваны як на новых кліентаў банку, так і трымальнікаў рахункаў. У выпадку, калі кліент банку не мае ВНЖ, банк блакуе мабільную прыладу і інтэрнэт-банкінг.
У абвестках, атрыманых кліентамі, «Santander» спасылаецца на дзве пастановы ЕЗ: «Аб абмежавальных захадах у звязку з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да агрэсіі Расеі супраць Украіны» і «Аб абмежавальных захадах у звязку з дзеямі Расеі, што дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне». Аднак у пункце адной з гэтых пастановаў вядзецца пра абмежаванні толькі ў дачыненні грамадзянаў Расеі, але не Беларусі.
Якуб Хруст belsat.eu