Чаму і навошта Лукашэнка правёў «ператрахванне» топ-чыноўнікаў. Меркаванне Латушкі


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка пракаментаваў для «Белсату» кадравыя перастаноўкі найвышэйшага чынавенства рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, якія адбыліся 27 чэрвеня.

Павел Латушка
Прадстаўнік па транзіце ўлады Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка выступае перад прадстаўнікамі медыя пасля паседжання Аб’яднанага пераходнага кабінету. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Каментуючы прызначэнне былога амбасадара ў Расеі Дзмітрыя Крутога кіраўніком лукашэнкаўскай адміністрацыі, Павел Латушка заявіў, што тым самым Аляксандр Лукашэнка дае моцны сігнал Крамлю, бо «прызначае фактычна на другую пасаду ў дзяржаве абсалютна прарасейскага чалавека, які забяспечваў інтарэсы ў тым ліку Расейскай Федэрацыі, калі працаваў паслом Беларусі ў Маскве».

Латушка адзначыў, што менавіта Крутой адказваў за падпісанне 28 «саюзных» праграмаў з Расеяй, «забяспечваў фактычную інкарпарацыю вайскова-прамысловага комплексу Беларусі ў вайскова-прамысловы комплекс Расейскай Федэрацыі дзеля таго, каб забяспечваць ваенныя інтарэсы Расеі». Паводле яго, былы амбасадар сам падтрымліваў вайну РФ супраць Украіны і ініцыяваў адкрыццё генеральнага кансулату ў Растове-на-Доне, які ахоплівае сваёй дзейнасцю таксама акупаваныя рэгіёны Украіны. Прадстаўнік АПК падкрэсліў, што новы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі – гэта «той чалавек, якога ведаюць у Крамлі, які мае вельмі шырокія сувязі на самым вышэйшым узроўні, і ён дае мэсідж аб тым, што працягвае гэтую палітыку».

Кіраўнік МЗС пад санкцыямі

Адносна Максіма Рыжанкова, які цяпер стаў міністрам замежных справаў, палітык заявіў, што тым самым Лукашэнка пасылае сігнал Захаду пра тое, што «хацеў бы навязаць нейкую камунікацыю». Паводле Латушкі, яшчэ перад прызначэннем Рыжанкова з’яўлялася інфармацыя пра тое, што з ім і Лукашэнкам у Менску сустракаўся прадстаўнік прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрона, а таксам пра тое, што «адбываюцца рэгулярныя тэлефонныя размовы паміж Елісейскім палацам і Рыжанковым».

Тым не менш, на думку Латушкі, новы міністр наўрад ці здолее палепшыць кантакты з Захадам, бо спачатку трэба вызваліць усіх палітвязняў, спыніць гвалт у турмах, спыніць падтрыманне агрэсіі Расеі супраць Украіны і «неабвешчаную вайну» супраць суседніх краінаў Еўразвязу. Да таго ж, сам новы кіраўнік МЗС знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі, якія давядзецца яшчэ зняць, што з’яўляецца «выклікам для перадусім самога Лукашэнкі».

Тым не менш, мяркуе палітык, гэтым прызначэннем самаабвешчаны кіраўнік Беларусі пасылае таксама сігнал Маскве, што спрабуе наладзіць стасункі з Захадам, каб атрымаць ад яе грошы.

Мінулы ж міністр Сяргей Алейнік, паводле Латушкі, стаў «міністрам фіяска», «які знаходзіўся на пасадзе міністра замежных спраў самы кароткі тэрмін у сучаснай беларускай дыпламатыі – толькі паўтары гады». І пры гэтым не здолеў рэалізаваць «нічога ўцямнага ў вонкавай палітыцы».

Вяртанне пад выбары

Адносна вяртання ва ўладу пасля даўгога перапынку Наталлі Пяткевіч Латушка заявіў, што яе мэта – «забяспечыць перапрызначэнне Лукашэнкі без вялікіх праблемаў» у 2025 годзе.

«У яе будзе задача ўсё трымаць пад кантролем, усіх пастроіць у лінейку», – сказаў палітык.

Hавiны
Кадравы ператрус: кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі стаў Дзмітрый Крутой. Хто яшчэ атрымаў новыя пасады?
2024.06.27 16:07

Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня правёў кадравы дзень. Сярод іншых, ён прызначыў новага кіраўніка сваёй адміністрацыі. Ім стаў Дзмітрый Крутой, які займаў пасаду пасла Беларусі ў Расеі. Да прызначэння паслом ён паспеў папрацаваць намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, а таксама міністрам эканомікі і першым віцэ-прэм’ерам.

Першай намесніцай Крутога прызначаная 51-гадовая Наталля Пяткевіч. Яе вярнулі ў найвышэйшую ўладу пасля доўгага перапынку. Апошнія пяць гадоў Пяткевіч жыла ў ЗША як жонка сталага прадстаўніка Беларусі пры ААН, хоць была пад санкцыямі гэтай краіны.

А папярэдні першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Максім Рыжанкоў цяпер стаў міністрам замежных справаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў