Amnesty International заклікае Сербію не экстрадаваць рэжысёра Гнёта ў Беларусь


Напярэдадні канчатковага рашэння ў справе аб экстрадыцыі беларускага рэжысёра і актывіста Андрэя Гнёта Мары Страдэрс, дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі выступіла супраць яго выдачы Сербіяй уладам Беларусі.

Андрэй Гнёт. Фота з асабістага архіва

«У святле сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія працягваюцца ў Беларусі, і відавочных рызык, з якімі сутыкнецца Андрэй Гнёт у выпадку вяртання туды, вельмі важна, каб сербскія ўлады неадкладна спынілі працэс экстрадыцыі. Абвінавачванні супраць Андрэя Гнёта палітычна матываваныя», – заявіла прадстаўніца арганізацыі.

Паводле яе, ніхто, хто займаецца дзейнасцю, якая не падабаецца беларускім уладам, «ні пры якіх абставінах не павінен быць перададзены ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі».

Мары Страдэрс падкрэсліла, што «згодна з міжнародным правам, якое забараняе катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, Сербія павінна забяспечыць абарону Андрэя Гнёта».

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст. Яго называюць сузаснавальнікам Свабоднага аб’яднання спартоўцаў «SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе. Ён быў затрыманы ў Сербіі на запыт уладаў Беларусі і больш як 7 месяцаў правёў у Цэнтральнай турме Бялграду. У пачатку чэрвеня Андрэя перавялі пад хатні арышт.

13 чэрвеня стала вядома, што сербскі суд пастанавіў экстрадаваць Андрэя Гнёта ў Беларусь. Андрэй кажа, што гэта для яго будзе смерцю. Цяпер ён абскарджвае пастанову Найвышэйшага суда Бялграду.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў