Польшча разглядае магчымасць закрыцця ўсіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю


Польшча можа закрыць апошнія два памежныя пераходы з Беларуссю, заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі ў эфіры TVN24 увечары 22 чэрвеня.

пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь
Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«У сувязі з дзеяннямі Беларусі мы разглядаем магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў. Зараз мы вывучаем, ці не нашкодзіць гэта эканоміцы», – сказаў Сікорскі.

Паводле кіраўніка польскага МЗС, намер закрыць пункты пропуску звязаны з сітуацыяй з мігрантамі на польска-беларускай мяжы.

«Фіны закрылі памежныя пераходы з Расеяй, і праблемы скончыліся», – зазначыў Сікорскі.

Міністр таксама згадаў міграцыйны пакт, які Еўразвяз ухваліў у сярэдзіне траўня, і сказаў, што гэта хлусня, нібыта гэты дакумент прымушае Польшчу прымаць мігрантаў.

Прыняты пакт пакліканы рэгуляваць міграцыйныя пытанні ў Еўразвязе, у тым ліку, аспекты, звязаныя з аказаннем дапамогі краінам, якія адчуваюць міграцыйны ціск. Супраць пакту прагаласавалі тры краіны ЕЗ: Польшча, Славакія і Вугоршчына.

22 чэрвеня старшыня партыі «Права і Справядлівасць» Яраслаў Качыньскі заявіў пра намер ініцыяваць ужо ў гэтым верасні збор подпісаў аб правядзенні рэферэндуму па выхадзе Польшчы з міграцыйнага пакту Еўразвязу.

Меркаванні
Ці адчыніць Польшча памежныя пераходы?
2024.05.04 14:40

Таксама Качыньскі распавёў пра намер працаваць над змяненнем Канстытуцыі Польшчы.

«Мы павінны разумець, што сёння мы дзейнічаем у сітуацыі канстытуцыйнага вакууму. Гэтая Канстытуцыя была настолькі парушаная, што ўжо практычна не дзейнічае. І з гэтага нам давядзецца зрабіць высновы», – цытуе старшыню «ПіС» выданне wnp.pl.

На сённяшні дзень паміж Беларуссю і Польшчай дзейнічае толькі два з шасці пунктаў пропуску, з іх для пасажырскага злучэння толькі адзін – «Берасце-Тэрэспаль». Праз «Казловічы-Кукурыкі» прапускаюць толькі грузавы транспарт.

Пункт пропуску «Баброўнікі» закрылі 10 лютага 2023 года «з меркаванняў нацыянальнай бяспекі». Неафіцыйна гэта звязвалі са зняволеннем у Беларусі журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Анджэя Пачобута, неўзабаве Польшча пацвердзіла: вызваліце Пачобута – атрымаеце «Баброўнікі».

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск 24 траўня заявіў, што Польшча можа ўзнавіць працу аднаго з закрытых памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю – якраз «Баброўнікаў». Ён сказаў, што цалкам гэта падтрымлівае, але не прыме такога рашэння, калі вайскоўцы і памежнікі не згодзяцца. Аднак 3 чэрвеня Радослаў Сікорскі паведаміў, што Польшча пакуль не стане адкрываць пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю (на беларускім баку «Бераставіца») з прычыны гібрыднай вайны.

Hавiны
Польскі бізнес патрабуе адкрыць памежныя пераходы з Беларуссю
2024.04.28 11:44

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў