Складанае становішча ЗСУ на пакроўскім кірунку. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 853-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 25 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баец супрацьпаветранай абароны 42-й брыгады ЗСУ адпрацоўвае стральбу ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 24 чэрвеня 2024 года.
Фота: Pablo Miranzo / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух асноўных участках фронту – каля сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ініцыятывай на кірунку валодаюць Збройныя сілы Украіны, якія намагаюцца адкінуць праціўніка да мяжы з РФ, але пакуль не маюць істотных поспехаў.

У гэты ж час іншая прарасейская крыніца – ваенкор Сямён Пегаўгаворыць, што часам ЗСУ ўсё ж удаецца дасягнуць дасягнуць лакальных поспехаў. Пры гэтым яны працягваюць няспынна контратакаваць за кошт назапашвання вялікай колькасці рэзерваў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» сцвярджае, што каля Глыбокага Сілы абароны краіны цягам апошніх содняў занялі некалькі пазіцыяў праціўніка.

Канал «Офіцер» фіксуе пагаршэнне становішча вайскоўцаў РФ, якія трымаюць абарону на тэрыторыі Агрэгатнага заводу ў Ваўчанску: тут ЗСУ ўдалося расшырыць прылеглую шэрую зону, у выніку чаго войскі РФ ужо тыдзень не маюць прамога злучэння з асноўнымі сіламі.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Стэпавая Навасёлаўка, Пішчанае, Стэльмахаўка, Капанкі, Грэкаўка, Макееўка, Неўскае, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы і пазіцыі каля сёлаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Макееўка і Платонаўка.

Баі на гэтых участках фронту працягваюцца.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

На так званым сівэрскім выступе, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакуюць каля населеных пунктаў Белагораўка, Выемка, Спірнае і Верхнякаменскае. Сітуацыя застаецца напружанай, але кантраляванай для Сілаў абароны.

Прарасейскія крыніцы пішуць, што таксама на кірунку працягваюцца баі за сяло Раздолаўка.

У прыватнасці, тэлеграм-канал «Рыбарь» фіксуе рух Узброеных сілаў РФ на паўднёва-ўсходніх ускрайках самога населенага пункту, а таксама ў ягоных ваколіцах – каля аднайменнай чыгуначнай станцыі.

Ніжэй па фронце расейцы наступаюць ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр, а таксама на ягоных флангах – з поўначы і поўдня, – імкнучыся выбіць ЗСУ за канал Сівэрскі Данец – Данбас. Аднак пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца стрымліваць праціўніка.

Таксама на краматорскім кірунку войскі РФ ціснуць каля сёлаў Іванаўскае і Клішчыеўка.

На тарэцкім кірунку расейцы атакуюць у ваколіцах аднайменнага гораду. У Мінабароны РФ фіксуюць заняцце сваімі вайскоўцамі больш выгадных рубяжоў і пазіцыяў.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку, па інфармацыі ўкраінскага камандавання, толькі з пачатку 25 чэрвеня расейцы прынамсі 26 разоў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Ваздвыжанка, Яўгенаўка, Сокал, Навасёлаўка Першая і Яснабродаўка.

Канал «Офіцер» піша, што расейцы маюць прасоўванні на кірунку. Агулам, паводле крыніцы, сітуацыя застаецца вельмі складанай для ЗСУ: яны знясіленыя і нясуць сур’ёзныя страты.

Нагадаем, асноўная задача на дадзены момант для расейцаў на кірунку – пераразанне трасы Пакроўск – Канстанцінаўка, што істотна пагоршыць становішча Збройных сілаў на ўсім усходнім фронце.

Аналітыкі праекту Deepstate паведамляюць, што на курахаўскім кірунку войскі РФ зноў прасунуліся ў заходняй частцы гораду Краснагораўка.

Ніжэй па фронце ідуць баі на ўчастку каля сёлаў Парасковіеўка і Канстанцінаўка, але тут лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакавалі ў сяле Ураджайнае, але поспеху не дасягнулі.

Між тым «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся на поўдні сяла ў бок цэнтру, а таксама на захадзе ад суседняга Старамаёрскага (за ракой Мокрыя Ялы). ЗСУ контратакуюць, імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі. Пры гэтым адзначаецца, што ва Ураджайным абароне ўкраінцаў спрыяюць асаблівасці рэльефу – населены пункт знаходзіцца на ўзвышшы адносна наваколля.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў