Статус «былы палітвязень» для 22 беларусаў і завочныя суды


«Белсат» вядзе хроніку палітычнага пераследу, які каторы год бесперапынна адбываецца ў нашай краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  na-dache.pro

Праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» яшчэ 22 беларусам. Пра гэта гаворыцца ў заяве праваабарончай супольнасці, у якой патрабуецца поўная рэабілітацыя згаданых асоб, якія былі пазбаўленыя волі за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды сходаў. Па розных прычынах гэтыя людзі не мелі статуса палітзняволеных падчас свайго зняволення, але, нягледзячы на гэта, праваабаронцы ў заяве надаюць ім статус «былых палітвязняў».

У Менскім абласным судзе пачынаецца завочны суд над 44-гадовым Юрыем Качурам. Яго абвінавачваюць у «распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы» (ч. 1 арт. 130 КК) і «абразе прадстаўніка ўлады» ( арт. 369 КК). Юрый – былы спартовец, які задоўга да 2020 года уваходзіў у групоўкі футбольных фанатаў і неаднаразова затрымліваўся. Пасля быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

Пасля 45 содняў арышту не выйшаў на волю з Віцебскага ІЧУ каталіцкі святар Анджэй Юхневіч. Тэрмін яго арышту скончыўся 22 чэрвеня. Святара арыштавалі чацвёрты раз запар і прадоўжылі ягонае знаходжанне ў ІЧУ да 2 ліпеня.

Сілавікі затрымалі дваіх менчукоў за ўдзел у акцыях пратэсту. Паводле «Медыязоны», гэта Арцемій Чоп і Канстанцін Кавалеўскі. На «пакаяльным відэа» затрыманыя прызнаюцца, што выходзілі на марш 6 верасня 2020 года.

У Гомлі звольнілі з працы лекараў-анколагаў – мужа і жонку Сяргея і Вольгу Івановых. Звальненне адбылося пасля таго, як яны адбылі «содні» за экстрэмізм. Сяргей Іваноў, кандыдат медыцынскіх навук, мае званне «Выдатнік аховы здароўя Беларусі» і 36-гадовы стаж працы ў абласным анкалагічным дыспансеры, з’яўляецца знаным спецыялістам у галіне пухлін галавы і шыі, аўтарам шматлікіх навуковых публікацый. Вольга Іванова – лекар-анколаг вышэйшай катэгорыі, была супрацоўніцай радыелагічнага аддзялення Гомельскага абласнога анкадыспансера.

Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне ў дачыненні да 42-гадовага Уладзіміра Раманенкі. Яго збіраюцца судзіць паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы»), ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Уладзіміра заклікаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ва Упраўленне СК у Касцюковічах.

20 чэрвеня 2024 года суд Кастрычніцкага раёну Менска прызнаў «экстрэмісцкімі» кнігі палітзняволенага Паўла Севярынца. Гэта «Каменнае сэрца», «Люблю БЕЛАРУСЬ: 200 фэномэнаў нацыянальнай ідэі» і «Беларусалім. Кніга другая. Сэрца сьвятла».

Стала вядома, што спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі тэлеграм-каналы і чаты «ПослеЗавтра», «все останутся, а я умру», Instagram-старонка «bessmertnii7291», старонка ў «Вконтакте» «Илья Миронов», Facebook-старонкі «Беларусы Беластоку», «Полоцк, Новополоцк – Новости Полотчины» і TikTok-старонкі «Хартия97», «Based Belarus», «Aleksandra», «граннеуружовайпанаме».

Берасцейскі абласны суд завочна асудзіў Андрэя Павука, Вольгу Павук, Маргарыту Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Ілью Салянкова і Уладзіслава Наважылава. Андрэю Павуку завочна прызначылі 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у пяць тысяч базавых велічыняў, а Вользе Павук прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму са штрафам у дзве з паловай тысячы базавых велічыняў. Маргарыта Ляўчук, Ілья Салянкоў і Уладзіслаў Наважылаў завочна атрымалі тэрміны ад 6 да 8 гадоў пазбаўлення волі і штрафы ад 500 да 800 базавых велічыняў. Аляксандр Чахоўскі асуджаны да 3 месяцаў арышту.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў