Вядомыя імёны тых, хто катаваў у Маскоўскім РУУС Менску. Тэрміну даўнасці за гэта няма


Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі 25 чэрвеня прадставіў новае расследаванне аб злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пасля выбараў 2020 года. На гэты раз расследаваліся злачынствы, учыненыя з 9 па 13 жніўня 2020 года ў Маскоўскім РУУС Менску.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Галоўная задача расследавання (цалкам з ім можна азнаёміцца тут) – аднавіць падзеі жніўня 2020 года, захаваць усе сведчанні злачынстваў і імёны злачынцаў, забяспечыць перамогу правасуддзя ў будучыні.

Кіраўнік «Прававой ініцыятывы» і заснавальнік Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі Сяргей Усцінаў падчас прэзентацыі адзначыў, што гэта не першая і не апошняя падобная справаздача. Раней былі апублікаваныя вынікі расследаванняў катаванняў у Кастрычніцкім, Савецкім і Цэнтральным РУУС Менску, а таксама ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Наступным увосень мае выйсці расследаванне адносна ўдзельнікаў парушэння правоў і катаванняў у жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомлі. Агулам, паводле яго, праведзеныя інтэрв’ю ўжо з больш як 1800 былымі затрыманымі і палітвязнямі.

Гвалтавалі, прымушалі паўзці ў крыві і тапілі ва ўнітазе

Расследуючы катаванні ў Маскоўскім РУУС Менску, эксперты Камітэту вывучылі 48 індывідуальных інтэрв’ю затрыманых, прааналізавалі фотаздымкі траўмаў і медычныя дакументы і на падставе гэтага склалі храналогію падзей, што ўключалі ў сябе масавыя і сістэмныя акты катаванняў і гвалту, здзекаў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да затрыманых.

Як распавёў Усцінаў, катаванні пачыналіся адразу пасля затрымання. Людзей білі непасрэдна пры затрыманні, у аўтазаках, пры выгрузцы ці перагрузцы з аўтазакаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Эпіцэнтрам катаванняў была актавая зала РУУС. У сярэднім людзі знаходзіліся ў самім РУУС 15 гадзін, але ў некаторых выпадках гэта было да паўтары содняў. Актавая зала ў нейкія моманты ўся была залітая крывёй, іншымі вылучэннямі, і людзей проста кідалі на падлогу і прымушалі паўзці па гэтай крыві, шукаць вольнае месца», – сказаў праваабаронца, адзначыўшы, што пасля затрыманых прымусілі сваёй вопраткай прыбраць гэтыя вылучэнні.

Гэтым, паводле яго, Маскоўскае РУУС адрознівалася ад іншых вядомых месцаў катаванняў.

Агулам затрыманых сюды звазілі з усяго Менску, сярод іх былі жанчыны, непаўналетнія і сталыя людзі. Найбольш жорстка абыходзіліся з тымі, каго фарбай пазначыў АМАП: беларускамоўнымі, людзьмі з татуіроўкамі, з нестандартным выглядам (з доўгімі або афарбаванымі валасамі, дрэдамі, пірсінгам), з нацыянальнай сімволікай, у белых тышортках або з белымі бранзалетамі. З асаблівай жорсткасцю збівалі асобаў у медычнай вопратцы і з медыкаментамі ў торбе, адзначыў Усцінаў. Таксама вельмі моцна былі збітыя тыя, каго затрымалі каля ўніверсаму «Рыга», дзе адбываліся сутыкненні з сілавікамі.

Людзей праганялі праз шэрагі сілавікоў з дручкамі (так званыя «калідоры смерці»), гадзінамі трымалі ў нязручных позах, збівалі дручкамі, нагамі і рукамі. Пры допытах і працэдуры афармлення затрыманых душылі, накрывалі іх галаву адзеннем, садзіліся на іх. У адной з дзяўчат здымалі пірсінг на грудзях абцугамі. Параненых і збітых утрымлівалі ў перапоўненых душных і вільготных камерах, не кармілі, абмяжоўвалі ў вадзе. У прыбіральню выводзілі ў рэдкіх выпадках, пры гэтым абражалі і збівалі, былі спробы тапіць ва ўнітазе ці ракавіне. Медычная дапамога, як правіла, не аказвалася. Быў выпадак, калі ў перапоўненую камеру ў РАУС распылілі газ з балончыка, ад чаго людзі задыхаліся і не маглі дыхаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

«Прынамсі трое пацярпелых сутыкнуліся з сексуальным гвалтам у дачыненні да сябе ў Маскоўскім РАУС. Ад аднаго з затрыманых было прызнанне факту згвалтавання, гэта здарылася 12 жніўня 2020 года», – сказаў Усцінаў.

Пакаранне за катаванні – ажно да расстрэлу

Юрыстка «Прававой ініцыятывы» Марыя падкрэсліла, што супрацоўнікі, якія падчас катаванняў знаходзіліся ў Маскоўскім РУУС, парушылі свае службовыя абавязкі па абароне правоў грамадзян і выконвалі злачынныя загады ў мэтах барацьбы з палітычным іншадумствам.

Яна адзначыла, што дзеянні сілавікоў у Маскоўскім РУУС цалкам адпавядаюць складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 128 Крымінальнага кодэксу («Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва»). Такія дзеянні, паводле дзейнага заканадаўства, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 25 гадоў, або пажыццёвым пазбаўленнем волі, або смяротным пакараннем. Марыя падкрэсліла, што асобы, датычныя да гэтых дзеянняў, не могуць быць вызваленыя ад крымінальнай адказнасці, у тым ліку ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўніны.

Юрыстка адзначыла, што былі парушаныя не толькі нацыянальныя законы, але і нормы міжнароднага права. У прыватнасці, паводле яе, дзеянні сілавікоў з Маскоўскага РУУС кваліфікуюцца падпунктамі e, f, k пункта 1 арт. 7 Рымскага статута Міжнароднага крымінальнага суду.

Каго з катаў атрымалася апазнаць

Праваабаронцы прыводзяць спіс з 14 сілавікоў, якія ўдзельнічалі ў катаваннях у Маскоўскім РУУС. Іх апазналі пацярпелыя, а дадатковую інфармацыю аб супрацоўніках эксперты атрымалі з некалькіх крыніц:

  • Абметка Марыя Сяргееўна, спецыялістка
  • Аляшкевіч Аляксандр Іванавіч, оперупаўнаважаны/ начальнік Маскоўскай Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі
  • Андросаў Дзмітрый Аляксандравіч, камандзір узвода (2019), супрацоўнік ППС у 2020 г.
  • Андрэенка Сяргей Мікалаевіч, старэйшы інспектар дарожна-патрульнай службы
  • Бабак Аліна Сяргееўна, намесніца камандзіра роты; супрацоўніца інспекцыі па справах непаўнагадовых
  • Байдалаў Аляксандр Генадзевіч, міліцыянт
  • Бакачэўскі Павел Генадзевіч, працаваў у аддзеле ААПП; (2019) участковы інспектар міліцыі
  • Балбуцкі Мікалай Уладзіміравіч, участковы інспектар міліцыі
  • Гаркуша Уладзімір Андрэевіч, старэйшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах
  • Гоман Павел Аляксандравіч, старэйшы оперупаўнаважаны Маскоўскага РУУС, капітан міліцыі
  • Дрозд Аляксандр Мікалаевіч, кіроўца аператыўна-дзяжурнай часткі, міліцыянт спецыяльнай групы хуткага рэагавання
  • Зеляноўскі Мікалай Анатолевіч, начальнік ГАМ, начальнік аддзела
  • Маліноўскі Сяргей Анатолевіч, інспектар аператыўна-дзяжурнай службы
  • Рухлянскі Павел Мікалаевіч, вядучы спецыяліст.

Як адзначыў Усцінаў, агулам у праваабаронцаў ёсць спіс са 106 супрацоўнікаў, якія маглі ўдзельнічаць у катаваннях у Маскоўскім РУУС. Праваабаронцы просяць пацярпелых паведамляць, калі яны апазналі тых, хто ўдзельнічаў у злачынствах.

Доўгатэрміновыя наступствы катаванняў

Праваабаронца, траўматэрапеўтка з дзевяцігадовым досведам працы з пацярпелымі падчас траўмуючых падзей у Беларусі і ва Украіне Інке Хансэн у сваю чаргу падкрэсліла, што людзі, якія перажылі гвалт, «атрымалі не толькі вонкавыя пашкоджанні, але і нябачныя звонку пашкоджанні нервовай сістэмы».

«Гэтым людзям, людзям з траўмамі, часта цяжка знайсці падтрымку, неабходную ім для аднаўлення», – сказала яна.

Паводле яе, толькі нямногія тэрапеўты валодаюць дастатковай падрыхтоўкай і досведам для лячэння падобных траўмаў. А большасць людзей проста не ў стане распазнаць траўму ў сябе ці ў іншых.

Хансэн падкрэсліла важнасць паважлівага стаўлення да пацярпелых ды навучання псіхатэрапеўтаў, каб тыя атрымалі веды, неабходныя для лячэння траўмы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Наступствы катаванняў і жорсткага абыходжання – гэта не толькі індывідуальная праблема, але і праблема грамадства. Траўма ўплывае на паводзіны людзей у грамадстве, а паводзіны грамадства таксама моцна ўплываюць на людзей, могуць дапамагчы або перашкодзіць лячэнню траўмы. Таму ад усіх нас залежыць, каб была ўсвядомленасць і траўмаадчувальнасць у грамадстве, каб мы маглі звяртацца да людзей, якія перажылі катаванні, нават калі гэта было вельмі даўно, так, як ім гэта трэба, каб мы маглі іх падтрымліваць і даць ім магчымасць жыць са сваім досведам у грамадстве», – сказала траўматэрапеўтка.

Паводле яе, невылекаваныя траўмы могуць прывесці да росту агрэсіі і канфліктнасці ў грамадстве, у сем’ях, на працы. Хансэн падкрэсліла, што ў выпадку Беларусі трэба працаваць як з індывідуальнымі траўмамі, гэтак і з агульнай траўматызацыяй, якая адбываецца з 2020 года і раней.

Міжнародны камітэт расследавання катаванняў заклікае міжнародную супольнасць прыняць меры і падтрымаць пацярпелых, прыцягнуць да адказнасці вінаватых у злачынствах. У тым ліку для таго, каб такія падзеі ніколі не паўтарыліся.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў