У Падмаскоўі гарыць будынак навукова-даследчага інстытуту


У будынку навукова-даследчага інстытуту «Платан», што ў падмаскоўным Фразіна, адбыўся пажар. Дымам ахоплены ўвесь будынак. Ёсць загінулыя. Прычыны пажару невядомыя.

Пажар у НДІ «Платан».
Фота: bazabazon / Telegram

Паводле паведамленняў расейскіх СМІ, узгаранне адбылося знутры будынку. Прычыны пакуль невядомыя.

Пажар распаўсюдзіўся на некалькі паверхаў. Каля 8 ці 9 чалавек апынуліся заблакаванымі агнём, доступ ратавальнікаў да іх абцяжараны. Людзі пачалі біць вокны ў будынку ад нястачы кіслароду.

Людзі разбілі вокны ад недахопу кіслароду.
Фота: Baza / Telegram

Пазней з’явілася паведамленне, што плошча пажару на тэрыторыі прамысловай зоны ў Фразіне вырасла да 4,5 тысячы квадратных метраў.

Праз некаторы час у будынку адбыўся выбух – згодна з паведамленнем аператыўных службаў, у будынку адбылося абрынанне канструкцыяў. Станам на 17:20 па менскім часе ўвесь будынак НДІ ахоплены агнём.

У тушэнні пажару выкарыстоўваюцца два верталёты Ка-32 Маскоўскага авіяцыйнага цэнтру.

На месцы пажару працуюць 12 брыгадаў хуткай, ёсць двое загінулых, пазней гэтая лічба вырасла да васьмі, паведамляе ТАСС. Агульная колькасць пацярпелых пакуль невядомая. За медычнай дапамогай звярнуліся таксама двое супрацоўнікаў пажарных службаў. Аднак пазней гэтую інфармацыю не пацвердзілі ў МНС Расеі.

Паведамляецца, што ў выніку пажару поўнасцю выгарэлі сем паверхаў будынку НДІ.

НДІ «Платан» займаецца распрацоўкай электронна-прамянёвых прыбораў і паўправадніковых лазераў, вадкакрышталічных экранаў.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў