Ліцэю БДУ надалі імя Фелікса Дзяржынскага


Ліцэю БДУ надалі імя арганізатара чырвонага тэрору Фелікса Дзяржынскага. Адпаведны ўказ падпісала кіраўніцтва БДУ, паведамляе ліцэй у сваім тэлеграм-канале.

Ліцэй БДУ.
Фота: Lyceum-BSU / Facebook

Ініцыятаркаю надаць ліцэю імя Дзяржынскага была цяперашняя дырэктарка ўстановы Таццяна Мамчыц.

«Выказваем падзяку Міністэрству адукацыі і Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту за падтрымку ініцыятывы калектыву Ліцэю», – піша ў тэлеграм-канале ліцэй.

З просьбай перайменаваць ліцэй такім чынам звярнуліся працаўнікі ўстановы, аднак гэта адбылося пад прымусам, паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на свае крыніцы.

Апошнім часам ліцэй БДУ супрацоўнічае з КДБ: вучняў адпраўляюць на вучэнні на вайсковыя палігоны, ва ўстанове стварылі «вайскова-патрыятычны» клуб.

Фелікс Дзяржынскі – заснавальнік ВЧК, Усерасейскай надзвычайнай камісіі для барацьбы з контррэвалюцыяй і сабатажам (рас. Всеросийская черезвычайная комиссия по борьбе с контрреволюцией и саботажем) – гэта папярэдніца НКВД, КГБ і іншых савецкіх спецслужбаў.

«Мы ёсць арганізаваным тэрорам», – апісваў Дзяржынскі сваю дзейнасць.

Ён нарадзіўся ў Беларусі, у маёнтку Дзяржынава каля мястэчка Івянец Менскай вобласці. Тэлеграм-канал ліцэю называе Дзяржынскага «выбітным выхадцам беларускай зямлі».

Аналітыка
Як пачынаўся «чырвоны тэрор»
2022.09.05 10:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў