Візавыя цэнтры Польшчы ў Горадні і Лідзе мяняюць правілы прыёму дакументаў


Падаць заявы ў візавыя цэнтры Польшчы ў Горадні і Лідзе з 25 чэрвеня змогуць толькі мясцовыя жыхары, паведамляецца на сайце «VFS Global».

Шэнгенская віза.
Крыніца: m.pln24.ru

«З 25 чэрвеня 2024 года грамадзяне Рэспублікі Беларусь могуць падаць дакументы ў візавых цэнтрах Польшчы ў Горадні і Лідзе згодна з рэгістрацыяй паводле месца жыхарства (сталая рэгістрацыя / штамп у пашпарце)», – адзначаецца ў абʼяве.

Пры гэтым рэгістрацыя паводле месца перабывання, калі яна адрозніваецца ад рэгістрацыі паводле месца жыхарства, падставаю для падачы дакументаў не лічыцца. Але заяву могуць прыняць, калі грамадзянін зможа дакументальна пацвердзіць, што ён «сапраўды вучыцца, працуе, мае іншыя падставы доўгатэрміновага пражывання» ў гэтым рэгіёне.

«Такім чынам, грамадзяне Рэспублікі Беларусь змогуць падаваць дакументы толькі ў тых візавых цэнтрах Польшчы, якія адпавядаюць юрысдыкцыі месца іхнай рэгістрацыі паводле месца жыхарства», – адзначылі ў кампаніі.

Адначасова Польшча прыкметна скараціла колькасць выдаваных візаў замежнікам у 2024 годзе. Зніжэнне вагаецца ад 50 % да нават 90 % у залежнасці ад тыпу візы.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў