Еўразвяз увёў санкцыі супраць БРСМ праз датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей


У 14-ы пакет санкцыяў ЕЗ супраць Расеі трапіў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ), а таксама першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сход актывістаў БРСМ. Наваполацк, Беларусь. 9 красавіка 2021 года.
Фота: brsm.by

«Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – арганізацыя ў Беларусі, адзін з асноўных удзельнікаў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з незаконна акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі бярэ ўдзел у перавыхаванні і палітычнай індактрынацыі дзяцей, а таксама каардынуе практычныя аспекты, як размяшчэнне дзяцей на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі матэрыяльна падтрымлівае дзеянні, якія падрываюць і пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны», – гаворыцца ў абгрунтаванні.

Афіцыйны Менск разам з Беларускім Чырвоным Крыжам рэгулярна вывозяць дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны і апраўдваюць гэта аздараўленнем. Таксама ўлады Беларусі і праўладныя грамадскія арганізацыі падтрымліваюць кантакты з уладамі акупаваных праз РФ украінскіх тэрыторыяў.

Украіна называе вываз дзяцей з акупаваных тэрыторыяў у Расею і Беларусь незаконным перамяшчэннем. Офіс генеральнага пракурора Украіны распачаў крымінальную справу па факце дэпартацыі больш як 19 тысячаў дзяцей з Данбасу, Луганскай, Запарожскай, Херсонскай і Харкаўскай вобласцяў.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмана Марыі Львовай-Бяловай за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Доказы таго, што ў Беларусь незаконна вывозяць украінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў, былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення спадзяюцца, што дзеянні рэжыму Лукашэнкі будуць кваліфікаваныя як ваеннае злачынства.

Разбор
Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?
2023.07.12 08:07

Паводле арт. 49 Жэнеўскай канвенцыі аб абароне цывільнага насельніцтва ў часе вайны, індывідуальнае або масавае гвалтоўнае перамяшчэнне з акупаванай тэрыторыі на тэрыторыю іншай краіны забароненае незалежна ад матываў, а калі з меркаванняў бяспекі неабходная эвакуацыя, то яна мусіць адбывацца ў межах акупаванай тэрыторыі. Адзінае выключэнне з апошняга – калі эвакуацыі ў межах акупаванай тэрыторыі перашкаджае ваенная абстаноўка, а гэта не выпадак з Украінаю. Дзяцей, якім пагражае небяспека, можна эвакуяваць на тэрыторыю Крыму, а Беларусь тут увогуле ні пры чым.

Еўрапейскі звяз таксама ўвёў санкцыі супраць прадпрыемства «Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне» («БелОМА»). Таксама ў адпаведнасці з прынятым рашэннем сюды ўключаны і генеральны дырэктар холдынгу «БелОМА» Аляксандр Мароз.

Холдынг уяўляе сабой універсальнае шматпрофільнае абʼяднанне, якое спецыялізуецца на распрацоўцы, канструяванні і вытворчасці лазерных, оптыка-электронных і оптыка-механічных прыбораў і сістэм.

Яшчэ адна звязаная з Беларуссю фігура ў санкцыйным спісе – Дзмітрый Мезенцаў, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы, былы пасол Расеі ў Беларусі.

Нагадаем, што 24 чэрвеня Рада ЕЗ фармальна зацвердзіла 14-ы пакет санкцыяў супраць Расеі.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў