Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?


Доказы таго, што ў Беларусь незаконна вывозяць украінскіх дзяцей з часова акупаваных Расеяй тэрыторыяў, былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення спадзяюцца, што дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі будуць кваліфікаваныя як ваеннае злачынства. Чаму вакол вывазу дзяцей столькі шуму і як ён можа абярнуцца супраць уладаў Беларусі – тлумачым у пытаннях і адказах.

Цягнік Адлер – Менск з 350 дзецьмі з Данбасу прыбыў 3 красавіка 2023 года на чыгуначны вакзал у Менску. Паводле паведамленняў праўладных журналістаў, гэта першая вясновая змена дзяцей з Данбасу, якая прыбыла на аздараўленне ў Беларусь.
Фота: Ягор Ермаліцкі / sb.by

Украінскія дзеці сапраўды масава трапляюць у Беларусь?

Гэты факт і не хаваецца, а наадварот, актыўна транслюецца беларускай прапагандаю – паводле яе, дзяцей сюды прывозяць на аздараўленне з жадання дапамагчы.

На пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у сакавіку мінулага года, БелТА паведаміла пра 15 дзяцей з Данбасу, якія лекуюцца ў Рэспубліканскай дзіцячай больніцы медычнай рэабілітацыі.

Ужо ўвосень 150 дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў прывезлі ў лагер «Дубрава». З таго часу ўкраінскія дзеці і падлеткі ад 6 да 16 гадоў па-ранейшаму трапляюць у беларускія дзіцячыя лагеры і санаторыі. Сведчанні пра гэта можна знайсці ў адкрытых крыніцах, у тым ліку ў дзяржаўных медыях: напрыклад, тут, тут альбо тут. Пра «праект» выказваліся Аляксандр Лукашэнка і сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў. Паводле аналітыка НАУ Арцёма Брухана, у час поўнамаштабнай вайны ў Беларусь было вывезена больш за 2100 дзяцей. Дырэктарка данецкай грамадскай арганізацыі «Дэльфіны» Вольга Волкава ў інтэрв’ю БелТА сказала, што за два гады «больш як тры тысячы рабятаў змаглі наведаць Рэспубліку Беларусь». У дзяржаўных медыях згадваецца, што такая практыка цягнецца ўжо некалькі гадоў.

Чаму адказваць за паездкі ў адзінкавыя ўстановы павінен рэжым?

Групы дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў трапляюць у Беларусь не праз прыватныя ініцыятывы – гэта маштабны праект Саюзнай дзяржавы, пра ажыццяўленне якога, імаверна, дамовіліся Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Пра гэта сведчаць, напрыклад, словы Дзмітрыя Мезенцава адносна прынятай 16 верасня 2022 года пастановы Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы аб дапамозе дзецям Данбасу, якая і стварыла юрыдычную аснову для вывазу дзяцей у Беларусь за кошт Саюзнай дзяржавы. Паводле Мезенцава, на гэта «выдаткаваныя дзясяткі мільёнаў рублёў».

Дапамагае ініцыятыве дзяржаўнае прадпрыемства «Беларуськалій», а ажыццяўляе яго фонд паралімпійца і пралукашэнкаўскага грамадскага дзеяча Аляксея Талая. Сам Аляксей у сваіх каментарах і інтэрв’ю неаднаразова адзначаў ролю ў праекце Лукашэнкі. Напрыклад, у гэтым інтэрв’ю «Альфа Радыё» ён расказвае: «Мы далажылі пра ўсё кіраўніку дзяржавы. Ён сказаў везці іх сюды. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб прыехала як мага больш дзяцей».

Такім чынам, Лукашэнка не проста мае дачыненне да вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, выглядае на тое, што працэс у Беларусі наладжаны на ягоны загад.

Каментар
Павел Латушка перадаў суду ў Гаазе доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі
2023.06.28 12:59

Што ў гэтым кепскага? Гэта ж дзеля аздараўлення!

Асноўны факт, на якім робяць акцэнт юрысты НАУ, – вываз дзяцей-сіротаў з акупаваных тэрыторыяў у трэцюю краіну, якая не ёсць бокам канфлікту, без згоды ўкраінскага боку. Як кажа кіраўнік юрыдычнага аддзелу НАУ [імя не называецца з меркаванняў бяспекі. – Аўт.], міжнароднае права не прадугледжвае выключэнняў, для якіх такія дзеянні былі б апраўданыя.

Калі беларускі бок апелюе тым, што згоду на вываз дзяцей далі бацькі, у выпадках з сіротамі аргумент не працуе. Паводле 49 артыкулу Жэнеўскай канвенцыі аб абароне цывільнага насельніцтва ў часе вайны, індывідуальнае або масавае гвалтоўнае перамяшчэнне з акупаванай тэрыторыі на тэрыторыю іншай краіны забароненае незалежна ад матываў, а калі з меркаванняў бяспекі неабходная эвакуацыя, то яна мусіць адбывацца ў межах акупаванай тэрыторыі. Адзінае выключэнне з апошняга – калі эвакуацыі ў межах акупаванай тэрыторыі не дазваляе ваенная абстаноўка, а гэта не выпадак з Украінай. Дзяцей, якім пагражае небяспека, можна эвакуяваць на тэрыторыю Крыму, а Беларусь тут увогуле не пры чым.

Закрыццё змены ў дзіцячым аздараўленчым лагеры «Дуброва», дзе былі дзеці з Данбасу. На здымку – Кірыл і Марк Аўчарэнкі. 29 траўня 2023.
Фота: Дар’я Цітова / sb.by

Такім чынам, тое, што здзяйсняюць улады Беларусі, можна назваць гвалтоўным вывазам дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў пры падтрыманні Расеі. У НАУ ёсць 16 даказаных выпадкаў перамяшчэння ў Беларусь сіротаў. Больш за тое, менавіта за гэтыя дзеянні Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы (ПАРЕ) прызнала Лукашэнку датычным да генацыду ўкраінцаў.

Хіба гэта можна назваць генацыдам?

Гаворка ідзе пра супольныя дзеянні Расеі і Беларусі. Згодна з Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда, гвалтоўнае перадаванне дзяцей з адной чалавечай групы ў іншую – гэта генацыд. Значыць, і незаконны вываз у Беларусь сіротаў з Данбасу, дзе гаворка пра добраахвотнасць не ідзе, – адкрытае ваеннае злачынства. Прыкметы генацыду носіць і характар мерапрыемстваў, якія ладзяцца для ўкраінскіх дзяцей у Беларусі. Паводле той жа Жэнеўскай канвенцыі абыходжанне з дэпартаванымі дзецьмі мусіць адбывацца згодна з правіламі – напрыклад, нельга змяняць сямейнага ці асабістага статусу дзяцей альбо іхнага грамадзянства, вербаваць іх у фармаванні або арганізацыі, падпарадкаваныя дзяржаве-акупанту, у тым ліку тыя, якія маюць пераважна палітычныя мэты. У беларускіх жа лагерах праграма перабывання дзяцей накіраваная на перавыхаванне і перафарматаванне нацыянальнай ідэнтычнасці.

Каментар
Чым Лукашэнку пагражае расследаванне дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
2023.05.24 19:55

Як украінскіх дзяцей перавыхоўваюць у Беларусі?

Вось тут на канцэрце ў лагеры «Дубрава» перад выхаванцамі з Данбасу выступае прадстаўнік амбасады Расеі ў Беларусі Сяргей Афонін: «Канец нашых агульных ворагаў непазбежны і ўжо блізкі, засталося пачакаць зусім трошку, а пасля гэтага перад вамі адкрыюцца цудоўныя перспектывы жыцця на слаўнай зямлі і Расеі, і Беларусі».

Сёстры Груздзевы на тым жа канцэрце зычаць: «Каб мы жылі ў міры, каб Байдэн здох, каб Зяленскі таксама, а Пуцін квітнеў». Аб наратывах, якія, магчыма, свядома перадаюцца ўкраінскім дзецям, можна рабіць высновы са словаў арганізатараў «аздараўлення» ў Беларусі. Аляксей Талай сітуацыю ва Украіне бачыць у рэчышчы беларускай і расейскай прапаганды, сярод іншага кажучы, што «Украіна мусіць быць дэмілітарызаваная, дэнацыфікаваная, і там павінны прыйсці да ўлады разважныя, лаяльныя, добрыя сілы».

У Беларусі для ўкраінскіх дзяцей ладзяць экскурсіі ў прадзяржаўны БРСМ альбо вайсковую частку 3214 унутраных войскаў МУС. У апошняй асобным пунктам было знаёмства з выхаванцамі вайскова-патрыятычнага клубу «Рысь», а ў «Дубраву» да дзяцей прыязджалі прадстаўнікі вайскова-патрыятычнага клубу «Родник», і такога кшталту клубы вядомыя выхоўваннем варожасці, у прыватнасці, у дачыненні ўкраінцаў і палякаў.

Сустрэчы такія эфектыўныя, што ўкраінскія дзеці, як расказваў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, «прасілі дазволіць ім уступіць у БРСМ». Паводле кіраўніка юрыдычнага аддзелу НАУ, у камунікацыі з дзецьмі адмаўляюцца дзяржаўнасць і незалежнасць Украіны, ім кажуць пра адзіны расейскі народ, дзе Украіна – частка Расеі. Праграма імпрэзаў прадугледжвае ідэалагічнае апрацоўванне ў рэчышчы ідэяў «русского мира», каб дамагчыся адмаўлення ад украінскай ментальнасці.

Каля дваццаці выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартовай школы з Данецку ў Менску. Акрамя так званага аздараўлення дзяцей таксама вазілі на экскурсію ў Рэспубліканскі дом моладзі, дзе яны сустрэліся з першым сакратаром ЦК БРСМ Аляксандрам Лук’янавым. 15 чэрвеня 2023.
Фота: Аляксей Вязміцінаў / sb.by

Незалежны расследавальнік Эдўард Снайдэр, які супрацоўнічаў з камандай НАУ, у інтэрв’ю радыё «Свабода» выказаўся яшчэ больш катэгарычна: «З гэтых дзяцей рыхтуюць новае пакаленне «салдатаў ДНР», а таксама шпіёнаў і сабатажнікаў. Маё расследаванне паказала, што гэтых непаўналетніх ужо выкарыстоўваюць у зоне ваенных дзеянняў для розных мэтаў – для дапамогі ў лагістыцы, у тым ліку дзеля працы на вайсковых складах, збору выведніцкай інфармацыі».

Але яны праводзяць у Беларусі толькі паўмесяца, няўжо гэта можа на іх паўплываць?

Ідэалагічнае апрацоўванне ў Беларусі – толькі частка таго, што дзеці зазнаюць на акупаванай тэрыторыі. На некаторых здымках з вакзалаў, дзе сустракаюць выхаванцаў з Данбасу, бачым, напрыклад, хлопчыка ў кепцы з літарай «Z» альбо групу дзяцей са сцягам так званай Данецкай народнай рэспублікі. Нават пасля вызвалення акупаваных тэрыторыяў гэтыя дзеці, прынамсі на пэўны час, захаваюць тое бачанне свету, якому іх навучылі апалагеты «русского мира», а значыць, будуць варожа ставіцца да Украіны.

Затое Беларусь, магчыма, выратоўвае гэтым дзецям жыцці!

Каб ратаваць жыцці дзецям Данбасу, Беларусі трэба было не станавіцца суагрэсарам у вайне супраць Украіны. Паводле рэзалюцыі 3314 (ХХIХ) Генеральнай Асамблеі 1974 года, «дзеянне дзяржавы, якая дазваляе, каб яе тэрыторыя, якую яна аддала ў распараджэнне іншай дзяржавы, выкарыстоўвалася гэтай іншай дзяржавай для здзяйснення акту агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы», кваліфікуецца як акт агрэсіі. Эвакуацыю дзяцей з зонаў баявых дзеянняў, зноў жа, паводле міжнароднага права, трэба ажыццяўляць у межах акупаванай тэрыторыі. Беларусы не могуць проста так прыехаць у Данецк і забраць сабе ўкраінскіх дзяцей, са злымі намерамі гэта робіцца ці добрымі.

Куды дзеці трапляюць пасля «аздараўлення» ў Беларусі?

НАУ вядома толькі, ці дзеці застаюцца на тэрыторыі Беларусі, ці яны пакідаюць тэрыторыю Беларусі. Вядомыя некалькі асобаў, якія пасля лагеру вярталіся дадому да бацькоў, але пра месцазнаходжанне сіротаў нічога сказаць немагчыма.

Прыбыццё цягніка з дзецьмі Данбасу на вакзал у Менску. 3 красавіка 2023.
Фота: Ягор Ермаліцкі / sb.by

Перадалі доказы ваенных злачынстваў у Гаагу – і што далей?

Калі прадстаўнікі МУС вызначаць, што доказы адпавядаюць крытэру reasonable basis to believe, то бок, што такія ваенныя злачынствы сапраўды маюць месца, адпаведныя органы атрымаюць падставы пачаць расследаванне. Калі доказы, паводле МУС, абгрунтавана засведчаць датычнасць да ваенных злачынстваў канкрэтнай асобы, можна чакаць выдачы ордара на арышт і пачатку крымінальнага пераследу Аляксандра Лукашэнкі.

Кіраўнік юрыдычнага аддзелу НАУ адзначае, што большасць тых, на каго Міжнародны суд у Гаазе выдаваў ордар на арышт, альбо паўсталі перад трыбуналам, альбо не дажылі да яго выдачы. З выстаўленым ордарам на арышт за ваеннае злачынства Лукашэнка нідзе, апроч Беларусі і Расеі, не будзе ў бяспецы: 146 артыкул 4 Жэнеўскай канферэнцыі абавязвае шукаць і аддаваць пад суд альбо перадаваць для суда іншай краіны тых, хто здзейсніў альбо загадаў здзейсніць згаданыя ў Канвенцыі злачынствы. І нарэшце – выдадзены Міжнародным судом у Гаазе ордар на арышт Лукашэнкі прымусіць прадстаўнікоў выбудаванай вакол яго сістэмы задаць пытанне адносна перспектываў для сябе саміх, а значыць, сістэма наўрад ці застанецца такой маналітнай, як неабходна дыктатуры.

Каментар
Як дэмакратычныя сілы Беларусі дапамогуць Украіне ў вяртанні дэпартаваных дзяцей. Расказвае Латушка
2023.04.26 17:32

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў