Ініцыяваныя санкцыі супраць прапагандысткі, якая брала інтэрв’ю ў Дар’і Лосік


Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ініцыявала санкцыі супраць прапагандысткі Кацярыны Круталевіч, якая брала інтэрв’ю ў калоніі з палітзняволенай Дар’яй Лосік, а таксама супраць прапагандысцкіх тэлеканалаў СТВ і ОНТ ды іншых служак рэжыму.

Прапагандыстка Кацярына Круталевіч.
Фота: скрыншот з відэа / ОНТ / YoyTube

З такою прапановай падчас сустрэчы 14 чэрвеня звярнуўся да амбасадаркі Канады ў Польшчы Кэтрын Гоўдын намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Ён таксама выступіў з прапановай увесці санкцыі ў дачыненні выдавецкага дому «Беларусь Сегодня», БелТА, прапагандыстаў і суддзяў рэжыму, рэктара БДУ Андрэя Караля, а таксама прадпрыемстваў ВПК.

Павел Латушка адзначыў актыўную пазіцыю ўраду Канады ў выкарыстанні санкцыйнага ціску супраць рэжыму Лукашэнкі. Кэтрын Гоўдын у сваю чаргу падкрэсліла, што матэрыялы, якія перадаюцца камандай НАУ, маюць сваю практычную рэалізацыю ў санкцыйных рашэннях, што будуць прымацца.

На сустрэчы таксама закранулі пытанне экстрадыцыі беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, які застаецца пад хатнім арыштам у Сербіі. Амбасадарка Кэтрын Гоўдын выказала падтрыманне беларускаму актывісту і паабяцала аператыўна накіраваць абноўленую інфармацыю пра сітуацыю з Андрэем Гнётам у амбасаду Канады ў Сербіі.

«Для нас важна, што Канада паслядоўна падтрымлівае беларускі народ у імкненні да свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, што супраца Канады і беларускіх дэмакратычных інстытутаў мае прадметны і дзейсны характар», – адзначыў Павел Латушка падчас сустрэчы.

Нагадаем, што 7 чэрвеня прапагандысцкі тэлеканал «Беларусь 1» паказаў вялікае інтэрв’ю з палітзняволенай Дар’яй Лосік, зробленае ў «найлепшых традыцыях» добраахвотнага прызнання.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў