МЗС Ізраілю назваў словы Лукашэнкі пра габрэяў-карупцыянераў абуральнымі


Міністэрства замежных справаў адрэагавала на заяву Лукашэнкі пра габрэяў-карупцыянераў, назваўшы ягоныя словы «выразна антысеміцкімі». Ведамства адзначыла, што гэта недапушчальна, піша выданне ynetnews.com.

Былы міністр сельскай гаспадаркі і інспектар у Віцебскай вобласці Ігар Брыло справаздачыцца перад Лукашэнкам. Слуцкі раён, Беларусь. 29 ліпеня 2022 года.
Фота: БелТА

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі на антыкарупцыйнай нарадзе заявіў, што ён не антысеміт, і пры гэтым адзначыў, што ў справе інспектара ў Віцебскай вобласці Ігара Брыло – «больш за палову габрэяў». «Яны што, у нас асаблівае, прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню?» – сказаў Лукашэнка.

У МЗС Ізраілю назвалі гэтыя словы «недапушчальнымі і абуральнымі», бо яны гучаць як «выразныя антысеміцкія каментары». Акрамя таго, беларускаму амбасадару ў Ізраілі «выказалі пратэст» з увагі на заяву Лукашэнкі.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, каментуючы антысеміцкі выпад Лукашэнкі, заявіла, што сапраўдная крыніца карупцыі – ягоны рэжым, а не габрэі. «Такая ненавісніцкая рыторыка небяспечна і мусіць быць выразна асуджаная», – напісала Ціханоўская ў сваім акаўнце ў X.com.

Hавiны
«Неантысеміт» Лукашэнка абвінаваціў габрэяў у прывілеяваным становішчы
2024.06.15 07:49

Раней выданне kan.org.il згадала, як палітык неаднаразова крытычна выказваўся пра габрэяў. Напрыклад, у 2007 годзе ён заявіў, што габрэі ператварылі Бабруйск у свінарнік, у ліпені 2021 года заявіў, што «увесь свет кланяецца» габрэям, а сёлета падчас падзеяў з нагоды заканчэння Другой сусветнай вайны Лукашэнка не згадаў пра Галакост.

«Лукашэнка стараецца падкрэсліць, што ён «не антысеміт», але ягоныя словы зноў і зноў даказваюць адваротнае», – падсумавалі журналісты.

Аналітыка
Антысемітызм, бязвіз і ліст «Хамасу». Якія адносіны ў Лукашэнкі з Ізраілем і Палестынай
2023.10.17 07:08

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў