Еўразвяз увёў абмежаванні супраць 116 расейскіх фізічных і юрыдычных асобаў у рамках 14-га пакету санкцыяў, паведамілі ў прэс-службе Еўрарады.
«Нашыя санкцыі ўжо істотна аслабілі расейскую эканоміку і перашкодзілі Пуціну ажыццявіць свае планы знішчэння Украіны, хаця ён усё яшчэ працягвае незаконную агрэсію супраць мірнага насельніцтва і грамадзянскай інфраструктуры. 14-ы пакет санкцыяў дэманструе нашае адзінства ў падтрыманні Украіны і імкненні абмежаваць злачынную дзейнасць Расеі супраць украінцаў, у тым ліку намаганні абысці захады ЕЗ», – прыводзіцца каментар вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэпа Бурэля.
Еўразвяз увёў санкцыі супраць 27 танкераў, што перавозяць расейскую нафту і нафтапрадукты, не звяртаючы ўвагі на столь цэн G7. Згодна з дакументам, Еўразвяз працягне закупляць расейскі ЗПГ, але забароніць яго рээкспарт. Кампаніі ЕЗ, што прадаюць ваенныя тавары ў трэція краіны, мусяць ідэнтыфікаваць і ацаніць рызыкі іх рээкспарту ў Расею.
Новы пакет санкцыяў уключае:
– абмежаванні на транзіт расейскага ЗПГ праз еўрапейскія парты;
– забарону інвестыцыяў, прадастаўлення тавараў, тэхналогіяў і паслугаў для завяршэння праектаў ЗПГ, такіх як «Арктык ЗПГ-2» і «Мурманск ЗПГ»;
– абмежаванні на экспарт тавараў і тэхналогіяў падвойнага прызначэння ў дачыненні 61 фірмы з краінаў за межамі супольнасці, у тым ліку з Беларусі, Казахстану, Кітая, ААЭ і Турцыі;
– абмежаванні прыёму заявак на рэгістрацыю правоў інтэлектуальнай уласнасці ад расейскіх фізічных і юрыдычных асобаў;
– палажэнні аб падтрыманні пазоваў еўрапейскіх кампаніяў наконт кампенсацыі шкоды ад дзеянняў РФ;
– забарону продажу Расеяй культурных і гістарычных каштоўнасцяў, «у якіх можна западозрыць украінскае паходжанне»;
– забарону імпарту гелію з Расеі і экспарту ў РФ марганцавых руд, часткі відаў пластыку, рэдказямельных элементаў, электронных кампанентаў;
– забарону авіякампаніям ЕЗ выконваць чартары і прыватныя пералёты ва ўсім свеце паводле замовы фізічных і юрыдычных асобаў з Расеі;
– забарону сваім кампаніям, якія не працуюць у Расеі, выкарыстоўваць Сістэму перадачы фінансавых паведамленняў (СПФС) ЦБ РФ (аналаг SWIFT);
– забарону СМІ і НДА ЕЗ атрымліваць любое фінансаванне з Расеі;
– патрабаванне ад еўрапейскіх кампаніяў сачыць за тым, каб іх «дочкі» ў трэціх краінах не абыходзілі санкцыяў супраць Расеі.
Разам з тым, 24 чэрвеня міністр замежных справаў Фінляндыі Эліна Вальтанэн пасля прыбыцця на сустрэчу кіраўнікоў МЗС ЕЗ у Люксембургу заявіла, што краіны Еўразвязу «неадкладна пачнуць працаваць» над 15-м пакетам санкцыяў супраць Расеі.
Ася Саковіч belsat.eu