Маршрутка з пасажырамі перакулілася пад Горадняй


У Гарадзенскай вобласці перакулілася поўная людзей маршрутка. ДТЗ адбылося на трасе М6 недалёка ад Шчучына, піша Telegram-канал «АўтаГродна».

Фота: autogrodnoby / Telegram

Як расказала адна з відавочцаў здарэння, мікрааўтобус быў поўны людзей, усе жывыя.

«Маршрутка Ліда – Горадня. Поўная. Шмат моладзі. У людзей парэзы і ўдары. Усе жывыя. Я спынілася – дапамагала выходзіць пасажырам праз люк», – паведаміла яна.

Пазней у ДАІ паведамілі падрабязнасці інцыдэнту. 54-гадовы вадзіцель, кіруючы маршруткай «Volkswagen», рухаўся ў кірунку Горадні. Паблізу пуцеправода і павароту на горад Шчучын ён узяў левую паласу і прыступіў да апярэджання спадарожнага аўтамабіля «Nissan» пад кіраваннем 44-гадовай жанчыны.

У момант апярэджання яна страціла кіраванне і дапусціла сутыкненне з мікрааўтобусам. Ад удару маршрутку адкінула ў адбойнік, і яна перакулілася.

Пасля аварыі агледжаныя пяць пасажыраў, адна пасажырка шпіталізаваная з рознымі траўмамі, што не пагражаюць жыццю, астатнія адпушчаныя дадому.

Раней у ДАІ расказалі, што са студзеня да пачатку чэрвеня з удзелам маршрутак адбылося 32 ДТЗ. На шчасце, у гэтых аварыях ніхто не загінуў. Але 60 чалавек атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

Hавiны
У сутыкненні трактара і маршруткі пад Бабруйскам пацярпелі трынаццаць чалавек
2024.06.04 21:01

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў