Беларус у Літве забраўся на вышку на знак пратэсту


У Вільні беларус забраўся на вышку мабільнага аператара і заявіў, што існуе пагроза ягонаму жыццю і здароўю, піша «Delfi». Ён патрабаваў рашэння аб наданні яму палітычнага прытулку.  

Беларус, які забраўся на вышку мабільнага аператара ў Вільні.
Фота: Delfi.lt

Як сталася вядома Tv3.lt, завуць беларуса Ягор Міхалькевіч, яму 38 гадоў.

Мужчына разгарнуў на вышыні бела-чырвона-белы сцяг і самастойна паведаміў у паліцыю пра тое, што ён на вышцы, адаслаўшы ліст на электронную пошту.

Беларус патрабаваў прыезду супрацоўнікаў міграцыйнай службы, якія б выдалі яму від на жыхарства ў Літве. Пазней, размаўляючы з прыбылымі на месца паліцыянтамі, ён запатрабаваў яшчэ і прыезду журналістаў.

Як высветлілася, мужчына забраўся на вышку раніцаю, але звязаўся з уладамі толькі ў другой палове дня.

Пасля размоваў з перамоўцамі беларус самастойна спусціўся ўніз.

Як піша выданне, мужчына просіць палітычнага прытулку пачынаючы з 2020 года, бо ў Беларусі яму пагражае пераслед за тое, што падчас выбараў ён працаваў у адным з выбарчых штабоў, збіраў подпісы і браў удзел у розных ініцыятывах. Беларус ужо звяртаўся ў суды, якія займаюць ягоны бок, тым не менш Дэпартамент міграцыі адмаўляецца выдаваць яму пашпарт іншаземца.

Чакаючы рашэння аб наданні прытулку ўжо чатыры гады, беларус вымушаны працаваць нелегальна, бо афіцыйна ўладкавацца на працу не можа, роўна як не можа і адкрыць банкаўскіх рахункаў.

Мужчына «просіць Дэпартамент міграцыі выдаць пашпарт іншаземца, каб ён мог спакойна жыць у Літве», паведамляе выданне.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў