«Хоць заўтра». Зяленскі распавёў, пры якіх умовах могуць распачацца перамовы з Расеяй


У Швейцарыі на выніковай прэс-канферэнцыі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаўся наконт перспектыў другога мірнага саміту і ўмоваў прамых перамоваў з РФ.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Фота: V_Zelenskiy_official / Telegram

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што падрыхтоўка да другога саміту міра зойме месяцы, але не гады.

«Калі план будзе гатовы, а кожны крок прапрацаваны, тады адкрыецца шлях да правядзення другога саміту міра, а значыць, і да завяршэння вайны», – падкрэсліў ён.

Паводле слоў Зяленскага, калі Расея пагодзіцца прыняць удзел у другім саміце, то «гэта будзе гаварыць аб тым, што яны жадаюць міру». «Іх прысутнасць там будзе казаць пра тое, што яны вырашылі скончыць вайну. Не хачу гуляць словамі: вырашылі яны ці іх прымусіў свет… Для нас важны вынік – заканчэнне гэтай вайны».

Што датычыцца прамых перамоваў з Расеяй, то Масква можа пачаць іх хоць заўтра, падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

«Расея хоць заўтра можа пачаць з намі перамовы, не чакаючы нічога, калі яна выйдзе з нашых законных тэрыторыяў – гэта ёсць проста павага да статуту ААН», – заявіў ён.

Hавiны
Стала вядома, якія краіны падпісалі супольнае камюніке саміту міру ў Швейцарыі
2024.06.16 15:38

Зяленскі зазначыў, што «мірныя прапановы» Уладзіміра Пуціна, калі ён напярэдадні саміту ў Швейцарыі запатрабаваў аддаць Расеі чатыры рэгіёна Украіны, была памылкай расейскага лідара.

«Гэта вялікая памылка, якая для нас карысная… Тут, за кулісамі, амаль усе казалі, што адным гэтым мэсіджам Пуцін перадаў усяму свету, што ўсё, што ён да гэтага казаў пра жаданне скончыць вайну, памножана на нуль. Пра гэта казалі ўсе краіны, нават тыя, якія маюць іншы погляд ці мелі. І гэта таксама вялікі поспех. Часам памылкі ворага – гэта таксама поспех», – рэзюмаваў прэзідэнт Украіны.

Hавiны
Уладзімір Зяленскі: у Пуціна тыя ж мэсіджы, што і ў Гітлера
2024.06.14 20:45

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў