Стала вядома, якія краіны падпісалі супольнае камюніке саміту міру ў Швейцарыі


Супольнае камюніке саміту міру, што праходзіць у Швейцарыі, падпісалі 80 краінаў і 4 арганізацыі. Пра гэта паведамляе ўкраінская служба радыё «Свобода».

Спіс краінаў, што падтрымалі камюніке саміту міру ў Швейцарыі.
Фота: svoboda_radio / Telegram

Падтрымалі камюніке ў тым ліку шэраг дзяржаваў, якія захоўваюць добрыя стасункі з Расеяй: Вугоршчына, Турэччына і Сербія.

Сярод краінаў, якія не паставілі сваіх подпісаў пад дакументам, – Саудаўская Аравія, Тайланд, Індыя, Мексіка, Бразілія, ААЭ і ПАР.

Тэкст камюніке, падрыхтаванага для ўдзельнікаў мірнага саміту ў Швейцарыі, раней апублікавалі медыі. У гэтым дакуменце падкрэсліваецца, што вайна Расеі супраць Украіны працягвае прычыняць маштабныя чалавечыя пакуты і разбурэнні, ствараць рызыкі і крызісы з глабальнымі наступствамі для ўсяго свету. У камюніке пацвярджаецца падтрыманне базавых рэзалюцыяў ААН датычна расейскай агрэсіі (A/RES/ES-11/1 і A/RES/ES-11/6).

Краіны, што далучаюцца да камюніке, заклікаюць не ўжываць сілу «супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці любой дзяржавы», а таксама пацвярджаюць прыхільнасць да суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх дзяржаваў, у тым ліку Украіны, у міжнародна прызнаных межах. Усе супярэчнасці мусяць развязвацца мірнымі сродкамі.

Акрамя таго, падпісанты пагаджаюцца з наступнымі тэзамі:

  • любое выкарыстанне ядравай энергіі мусіць быць бяспечнае і надзейнае, украінскія АЭС, у тым ліку Запарожская, маюць працаваць пад поўным кантролем Украіны згодна з прынцыпамі МАГАТЭ і пад назіраннем арганізацыі;
  • любыя пагрозы або ўжыванне ядравай зброі ў кантэксце вайны супраць Украіны недапушчальныя;
  • свабоднае, паўнавартаснае і бяспечнае карабельства і доступ да партоў у Чорным і Азоўскім марах маюць вызначальнае значэнне для глабальнай харчовай бяспекі, напады на караблі, парты і партовую інфраструктуру недапушчальныя, харчовая бяспека не мусіць рабіцца зброяй, украінскія харчы маюць свабодна экспартавацца;
  • усе ваеннапалонныя мусяць быць вызваленыя шляхам абмену;
  • усе дэпартаваныя і незаконна перавезеныя ўкраінскія дзеці, а таксама іншыя грамадзяне, якія былі незаконна затрыманыя, мусяць быць вернутыя ва Украіну.

Таксама з праекту камюніке вынікае, што на мірныя перамовы могуць запрасіць Расею.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў