Сяргей Бульба ўзначаліў «Паспалітае рушэнне». Плануецца рэфармаванне ў «глабальны праект»


Былы вайсковец, заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба ўзначаліў «Паспалітае рушэнне». Разам з тым суполка абяцае рэформы. «Белсат» даведаўся ў Сяргея Бульбы, якія ў яго планы на новай пасадзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сяргей Бульба выступае з уступным словам на адкрыцці выставы Алеся Пушкіна ў прасторы «Робім Разам». Варшава, Польшча. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Хочам з вялікім гонарам паведаміць вам, што рэформы пачаліся з кіроўнага складу ПР. З 17 чэрвеня 2024 года “Паспалітае Рушэнне” ўзначаліў Сяргей Бульба – беларускі палітычны дзеяч, чалавек з вялікім арганізатарскім вопытам (напрыклад, стварэнне «Белага Легіёну»)», – паведамляецца ў тэлеграм-канале «Паспалітага рушэння».

Сяргей Бульба кажа, што рэформы цяпер абмяркоўваюцца, і калі іх праект будзе прыняты, іх пакажуць грамадскасці. Але ў цэлым плануецца зрабіць нешта большае, чым мілітарная структура.

«Нам трэба не толькі мілітарная структура, а менавіта дзяржаватворчая структура. Я бяру за прыклад свой досвед з “Белым легіёнам”, дзе мы не імкнуліся распавядаць нейкую ідэалогію, напрыклад, сацыял-дэмакратыю ці нацыянал-дэмакратыю ці хрысціянскую дэмакратыю. Мы разумелі, што мы гадуем захавальнікаў дзяржавы. Надпалітычных. Не вельмі цікавае палітычнае, а менавіта цікавае дзяржаўніцтва.

То бок я бачу пашырэнне. І тут мы вяртаемся да мадэлі дзяржавы будучыні, якую мы распрацоўвалі ў рамках праекту “Беларусь 2.0” пачынаючы з 2020 года. То бок гэта зрошчванне разам некалькіх праектаў, якія, спадзяюся, будуць карысныя для Беларусі», – кажа Сяргей Бульба.

Рэпартаж
Манро з аўтаматам, граната пад нагамі Халілава… Пабывалі на вучэннях варшаўскай харугвы
2023.03.24 07:26

Людзі будуць трэнаваць не толькі цела, але і мозг, кажа суразмоўца. Пабудаваць структуру плануецца паводле мадэлі «Белага легіёну», з шырокім колам прыхільнікаў.

«Каб стаць легіянерам, а ў дадзеным выпадку рушэнцам, трэба будзе здаць пэўныя іспыты, атрымаць давер ад людзей. Гэта фактычна ордэнская структура, дзе людзі могуць давяраць і разлічваць адзін на аднаго ў любой сітуацыі.

Мы разумеем, што на сённяшні дзень мы маем спад унутры самой Беларусі, на жаль. Улады ціснуць, ім не да закону, народ запалохваюць далей. Але ж мы разумеем, што адкрыюцца вокны магчымасцяў пэўныя, і да гэтага моманту трэба быць гатовымі, але не толькі з мілітарнага ці спартовага гледзішча. Трэба мець мадэль дзяржаўную, з якой мы прыйдзем, падрыхтаваць менеджмент для рэалізацыі гэтага глабальнага праекту», – кажа Сяргей Бульба.

«Паспалітае рушэнне» ўзнікла ў верасні 2022 года як спартова-адукацыйная арганізацыя. Адной з яе мэтаў было адраджэнне беларускіх вайсковых традыцыяў.

Інтэрв’ю
«Каб хоць камандзірам заробкі плаціць». Чаму Паспалітае рушэнне пакуль што не стала народным рухам
2023.10.24 09:00

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў