Камітэт правоў чалавека ААН зарэгістраваў індывідуальнае паведамленне былых фігурантаў справы «Белага легіёну». Пра гэта паведамляе «Вясна».
Затрыманыя падчас «Маршаў недармаедаў» у 2017 годзе Віктар Данілаў, Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі ды іншыя фігуранты справы «Белага легіёну» абвінавачваліся ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Справу вёў спачатку КДБ, а затым – Следчы камітэт. Паўтара дзясятка абвінавачаных правялі пад вартай каля 100 дзён кожны, а затым справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства.
Данілаў, Дундукоў, Мароз і Стрыбульскі спрабавалі праз суд дамагчыся рэабілітацыі і кампенсацыі маральнай шкоды. Але ў гэтым ім адмовілі. Тады чатыры фігуранта справы «Белага Легіёну» звярнуліся ў Камітэт па правах чалавека ААН.
У скарзе яны заявілі аб парушэнні іх правоў на свабоду і асабістую недатыкальнасць, правоў не падвяргацца катаванням і не прымушацца да паказанняў супраць сябе і правы на абарону, прэзумпцыі невінаватасці.
Камітэт будзе разглядаць сцвярджэнні фігурантаў пра грубыя гвалтоўныя затрыманні, працяглае папярэдняе зняволенне, на якое не было падставаў, і пра адмову ў наданні за гэта кампенсацыі. Акрамя гэтага, яны заяўляюць пра жорсткае абыходжанне, адсутнасць спальных месцаў і прыбіральняў у зняволенні.
Данілаў і Дундукоў сцвярджаюць, што ў першыя дні пасля затрымання да іх не дапускалі адвакатаў, тады як працаўнікі КДБ схілялі іх да самаагавору. Апроч таго, Данілаў кажа аб парушэнні прэзумпцыі невінаватасці і ўмяшальніцтве ў прыватнае жыццё, бо ён стаў галоўным героем тэленавінаў і фільму «Белы Легіён чорных душаў», які выйшаў на дзяржаўным тэлебачанні і ў якім казалася, што ён захоўваў зброю ды займаўся экстрэмізмам.
Заяўнікі просяць Камітэт прызнаць парушэнне сваіх правоў і абавязаць дзяржаву публічна папрасіць прабачэння, а таксама выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды і маёмасныя страты.
У беларускіх уладаў ёсць 6 месяцаў, каб даць адказ у Камітэт па сутнасці паведамлення былых фігурантаў справы «Белага Легіёну».
МГ belsat.eu