У Белгарадзе з-пад завалаў дому дасталі целы 15 загінулых


У расейскім Белгарадзе з-пад завалаў дому, у якім у выніку выбуху абрынуўся адзін з пад’ездаў, ратавальнікі дасталі целы 15 загінулых.

Завалы на месцы абрынання пад’езду дому ў Белгарадзе. 12 траўня 2024 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Пошукава-ратавальныя працы і разбор завалаў завершаныя, паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў Белгараду. У ведамстве адзначылі, што выратаваць удалося 17 асобаў, 15 – загінулі.

Нагадаем, што 12 траўня ў выніку выбуху ў шматпавярховіку на вуліцы Шчорса ў Белгарадзе абрынуўся адзін з пад’ездаў.

Расейскія ўлады заявілі, што выбух адбыўся праз абстрэл жылых кварталаў Белгараду ЗСУ. Мінабароны Расеі настойвае на тым, што шматпавярховік «быў пашкоджаны фрагментамі адной са збітых ракетаў «Точка-У». У той жа час першапачаткова губернатар Белгараду сцвярджаў, што дом быў пашкоджаны наўпроставым трапляннем ракеты.

Украінскі бок пакуль не каментуе сітуацыі. У той жа час у сеціве з’яўляюцца розныя версіі здарэння: так, паводле кіраўніка ўкраінскага Цэнтру процідзеяння дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэя Каваленкі, гэта магло быць «правакацыяй» Расеі, бо на відэа выбуху не відаць аб’ектаў, што траплялі ў дом, таксама, адзначае ён, сам выбух адбыўся знізу дому.

Незалежныя даследнікі кажуць, што дом стаіць паралельна мяжы, якія падзяляе расейскі і ўкраінскі бакі, дык вось найбольшыя разбурэнні адбыліся менавіта на «расейскім» баку, з таго ж боку значна пашкоджаныя прылеглыя гаражы і аўтамабілі, у той час як на «ўкраінскім» баку дому ў ацалелых пад’ездах у большасці кватэраў засталіся цэлымі вокны.

Расейскае выданне «Пепел» адзначае, што, верагодна, «белгарадскае СПА «няўдала» збіла ўкраінскую ракету, фугасная частка якой, здольная прынесці адпаведныя разбурэнні, на падставе інерцыі трапіла проста ў дом».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў