У лесе ў Беларусі таямніча загінуў мужчына з Індыі. Ён збіраўся нелегальна трапіць у Італію


Індыйскае выданне «The Tribune» паведаміла пра смерць у беларускім лесе 45-гадовага кіроўцы аўтарыкшы са штату Пэнджаб. Выданне заяўляе, што ён падарожнічаў «асліным маршрутам» – так называюць канал нелегальнай міграцыі, які распрацавалі гандляры людзьмі, каб пазбягаць памежнага кантролю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польска-беларуская мяжа.
Фота: Straz_Graniczna / Twitter

Мужчына пакінуў родную вёску 4 снежня 2023 года і выправіўся ў Італію, заплаціўшы арганізатарам «падарожжа» 120 тысяч рупіяў – каля 14,4 тысячы долараў. Малодшы брат загінулага расказвае, што арганізатары «маршруту» чатыры месяцы вялі яго пешшу праз розныя краіны, не прадставілі яму ежы ці транспарту.

Апошні раз мужчына выходзіў на сувязь 23 сакавіка праз тэлефон «агента», які ладзіў «падарожжа». Брат загінулага кажа, што пасля гэтага сваякі тэлефанавалі «агенту» і прасілі перадаць слухаўку «падарожніку», але «агент» толькі працягваў прасіць больш грошай.

Урэшце сям’я звязалася з амбасадамі ў Расеі і Беларусі, там ім пацвердзілі, што мужчына загінуў. Прычынаў смерці сваякі не ведаюць, але лічаць, што ён мог памерці ад стомы і голаду, але не выключаюць і забойства.

У штучна створаным беларускімі ўладамі міграцыйным крызісе асноўная маса мігрантаў – з Афганістану, Іраку і Сірыі. Сярод мігрантаў шмат курдаў – народу без сваёй дзяржавы. Аднак сярод мігрантаў трапляюцца таксама людзі з Конга, Камеруну, Ірану і нават з Кубы.

Нямала мігрантаў памірае ў беларускіх лясах без належнай дапамогі, хоць іхныя перасоўванні кантралююць беларускія сілавікі. Беларускія памежнікі адзначаюць, што з 2021 года на мяжы з краінамі Еўразвязу зафіксавалі смерць 54 замежнікаў. У гэтых смярцях улады Беларусі вінавацяць суседнія краіны, нават калі вядома, што людзі паміралі на тэрыторыі Беларусі.

Аналітыка
Навошта Лукашэнку эскалацыя міграцыйнага крызісу на мяжы з Польшчай? Маем дзве версіі
2024.05.10 17:14

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў