Літва разрывае частку пагадненняў з Беларуссю і Расеяй


Літва плануе разарваць двухбаковыя пагадненні з Беларуссю і Расеяй, якія можна замяніць шматгадовымі пагадненнямі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Літоўскі ўрад мае намер дэнансаваць як мінімум чатыры пагадненні, яшчэ некалькі цяпер у працэсе абмеркавання. Так, сярод іх будуць пагадненні аб заахвочванні і абароне інвестыцыяў, а таксама аб гадлёва-эканамічных стасунках.

Таксама падрыхтаваная прапанова аб дэнансацыі пагаднення аб пазбяганні падвойнага падаткаабкладання даходаў і капіталу і падатковых правапарушэннях.

Як адзначыў міністр замежных справаў Габрыелюс Ландсбергіс, пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны МЗС Літвы звярнулася да ўсіх установаў з просьбай ацаніць маштабы і неабходнасць міжнародна-прававой супрацы з Расеяй. Прапаноўвалася ацаніць, ці можна дзеянне канкрэтнага двухбаковага пагаднення замяніць шматбаковым пагадненнем або міжнародна-прававым актам.

Габрыелюс Ладсбергіс падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што двухбаковыя пагадненні будуць дэнансаваныя, шмат якія пагадненні, якія могуць іх замяніць, дазволяць захоўваць фармальныя інструменты камунікацыі з Беларуссю і Расеяй, хаця ніякай супрацы з гэтымі дзяржавамі фактычна не чакаецца.

«Павінна быць палітычнае разуменне таго, што мы не разлічваем на супрацу з Расеяй, таму што яе ўжо даўно няма», – адзначыў міністр замежных справаў, заклікаўшы адмовіцца ад кантрактаў, якія насамрэч не працуюць, каб Літва не была абавязаная іх выконваць у аднабаковым парадку.

У той жа час Міністэрства юстыцыі прапаноўвае пакінуць дамову аб прававой супрацы з Беларуссю, бо няма міжнародных дакументаў, на падставе якіх можна было б забяспечыць супрацу.

Каб дэнансаваць чатку кантрактаў, неабходнае рашэнне літоўскага Сейму, і для некаторых дастаткова пастановы ўраду.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў