У Мядзельскім раёне мужчыну катавалі распаленым прасам дзеля царскага чырвонца


Следчы камітэт Беларусі паведаміў пра разбойны напад «у стылі 90-х», які адбыўся ў вёсцы Брусы Мядзельскага раёну Менскай вобласці.

Залатая манета эпохі Мікалая II, дзеля якой катавалі жыхара Мядзельскага раёну.
Фота: sk.gov.by

Паводле следства, двое пʼяных мясцовых жыхароў (45 і 47 гадоў) увечары 15 траўня 2024 года надумалі сілай забраць у 40-гадовага аднавяскоўца залатую 10-рублёвую манету эпохі Мікалая ІІ, якую вясковец знайшоў у лесе чатыры гады таму.

Зламыснікі прыйшлі дадому да мужчыны, з парога абвінавацілі яго нібыта ў крадзяжы металу і пачалі патрабаваць кампенсацыю шкоды ў выглядзе перадачы царскага чырвонца. Пачуўшы адмову, яны пабілі гаспадара кватэры, у тым ліку драўлянай палкай. Але мужчына ўсё роўна адмовіўся аддаваць манету, таму налётчыкі пачалі яго катаваць: прыкладвалі распалены прас да жывата і твару ахвяры, патрабавалі распавесці, дзе манета.

«Нягледзячы на ​​зверскія катаванні, пацярпелы не расказаў аб месцы захоўвання каштоўнасці, і застаўшыся ні з чым, налётчыкі ўцяклі з месца злачынства. Праз некалькі дзён апёкі пацярпелага ўбачылі мясцовыя жыхары і выклікалі хуткую. Медыкам мужчына распавёў пра тое, што адбылося, а тыя паведамілі ў праваахоўныя органы», – гаворыцца ў прэс-рэлізе СК.

Налётчыкі былі затрыманыя міліцыяй. Іхныя дзеянні кваліфікавалі паводле ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэксу («Разбой, учынены групай асобаў»), якая прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Аб’ектыў
Чаму расце агрэсія сярод беларусаў
2024.02.12 19:45

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў