Войскі NATO будуць у Літве на сталай аснове – канцлер Нямеччыны


NATO будзе абараняць «кожную квадратную цалю» сваёй тэрыторыі, заявіў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц 2 чэрвеня на Усходненямецкім эканамічным форуме. Ён дадаў, што ў Літве войскі NATO размесцяцца на сталай аснове, піша «Reuters».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота:  Šarūnas Mažeika / Delfi

У мінулым годзе NATO размясціла дадатковыя падраздзяленні ў краінах Балтыі, у прыватнасці ў Літве. Паколькі пагроза з боку Расеі захаваецца, у будучыні цэлая брыгада войскаў NATO можа застацца там на сталай аснове.

«Гэты паварот у палітыцы бяспекі неабходны, каб паказаць Расеі: мы гатовыя абараняць кожную квадратную цалю тэрыторыі NATO ад нападаў», – сказаў Оляф Шольц.

Ён заявіў, што дыпламатыя можа быць паспяховая толькі з пазіцыі сілы, і дадаў: краінам Балтыі абсалютна неабходна цалкам пакласціся на хаўруснікаў у NATO, якія прыйдуць на іх абарону ў выпадку нападу Расеі.

«І гэта пасланне для нас. Але гэта таксама і пасланне Расеі. Бо надзейнасць гэтага абяцання, вядома, таксама ёсць часткаю разлікаў Расеі», – сказаў Шольц.

Уладзімір Пуцін раней перасцярог чальцоў NATO ад таго, каб дазволіць Украіне абстрэльваць Расею са сваёй зброі. Гэта адбылося пасля таго, як шэраг краінаў зняў абмежаванні на выкарыстанне зброі, перададзенай Кіеву. Сярод іх Францыя, Вялікая Брытанія, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Нідэрланды, Швецыя, Чэхія, Фінляндыя, Канада, Данія, Нарвегія, Нямеччына і ЗША.

Кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што альянс ужо чуў шмат разоў папярэджанні Пуціна, а самаабарона не ёсць эскалацыяй.

Каментар
Што дасць Украіне дазвол на прымяненне заходняй зброі па аб’ектах у РФ?
2024.05.31 19:42

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў