У Польшчы хочуць працягнуць спрошчаныя ўмовы атрымання праязнога дакументу для беларусаў


Беларусы змогуць атрымаць польскі праязны дакумент на спрошчаных умовах да 31 снежня 2024 года. Такі праект рыхтуецца польскімі ўладамі, паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці.

polski dokument podróży dla cudzoziemca, польскі праязны дакумент для замежніка, польский проездной документ для иностранца, эміграцыя, пашпарт, Польшча, эмиграция, паспорт, Польша
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі праязны дакумент для замежніка.
Фота: Белсат

Тое, што польскія ўлады хочуць працягнуць тэрмін яшчэ на паўгода, вынікае з праекту пастановы міністра ўнутраных справаў і адміністравання Польшчы. Пастанова павінна набыць моц 1 ліпеня 2024 года.

Цэнтр беларускай салідарнасці звяртае ўвагу, што пакуль гэты дакумент не прыняты і на сённяшні момант ільготныя ўмовы атрымання праязнога дакументу дзеюць да 30 ліпеня 2024 года.

Атрымаць дакумент могуць беларусы, у якіх ёсць часовы від на жыхарства ў Польшчы.

У канцы траўня з’явілася інфармацыя аб тым, што ў МУС Польшчы плануюць павялічыць тэрмін дзеяння польскага праязнога дакументу і спрасціць для беларусаў працэс легалізацыі дзяцей.

Нагадаем, што польскі праязны дакумент для замежніка выдаецца тэрмінам на адзін год і дае права на перасячэнне мяжы, цалкам замяняючы нацыянальны пашпарт.

Напрыканцы 2023 года ЦБС атрымаў ад МУС Польшчы адказ, што польскі праязны дакумент для іншаземца ёсць эквівалентам пашпарта, выдадзенага польскім грамадзянам. Ён можа служыць не толькі для перасячэння мяжы, але і для пацверджання асобы яго ўладальніка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў