Польшча створыць на мяжы з Беларуссю буферную зону


Польшча створыць на мяжы з Беларуссю буферную зону з 4 чэрвеня. Пра гэта распавёў кіраўнік Міністэрства абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш. Такая зона азначае часовую забарону на знаходжанне ў памежнай зоне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Straż Graniczna / Facebook

Буферная зона будзе ахопліваць Гайнаўскі і Беластоцкі раёны. У агульнай складанасці яна будзе ўведзена ў 27 месцах, у асноўным у Гайнаўскім раёне і ў адным месцы – у Беластоцкім.

Аднаўленне буфернай зоны неабходна для забеспячэння лепшай абароны мяжы і павышэння бяспекі супрацоўнікаў, якія яе ахоўваюць, лічаць польскія ўлады.

Уладзіслаў Касіняк-Камыш заявіў, што бяспека з’яўляецца прыярытэтам для ўрада, але эканоміка таксама важная. Таму польскія ўлады гатовыя дапамагаць бізнесу ў памежжы.

Ён таксама адзначыў, што многія кампаніі выйграюць ад будаўніцтва «Усходняга шчыта» і пашырэння памежных умацаванняў. Ён дадаў, што цяпер прадпрыемствы сферы паслуг, такія як гасцініцы і рэстараны, зарабляюць на абслугоўванні вайскоўцаў:

«Нам патрэбныя такія месцы абслугоўвання для салдат і афіцэраў, таму мы будзем аказваць такую падтрымку, і калі ёсць неабходнасць падтрымаць прадпрымальнікаў у памежнай зоне, мы адкрытыя для гэтага».

Буферная зона ўжо дзейнічала на мяжы з Беларуссю ў 2021 і 2022 гадах праз міграцыйны крызіс.

Hавiны
У Мінабароны Польшчы паказалі, як будзе выглядаць «Усходні шчыт» на мяжы з Беларуссю
2024.05.27 20:50

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў