Упершыню без паразаў: шлях «Рэалу» да 15-га кубка Лігі чэмпіёнаў


Мадрыдскі «Рэал» у 15-ы раз стаў пераможцам галоўнага клубнага трафею еўрапейскага футболу – Лігі чэмпіёнаў УЕФА. Каралеўскі клуб з’яўляецца рэкардсменам у гэтым паказніку. «Рэал» упершыню ў сваёй гісторыі завяршыў лігачэмпіёнскую кампанію без паразаў.

Мадрыдскі «Рэал» святкуе перамогу ў Лізе чэмпіёнаў. 1 чэрвеня 2024 года. Лондан, Вялікая Брытанія.
Фота: BellinghamJude / X.com

На 74-й хвіліне лік у гульні адкрыў абаронца «Рэалу» Даньель Карвахаль. Затым, на 83-й хвіліне, перавагу мадрыдцаў падвоіў нападнік Вінісьюс Жуньюр, які ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы – 2:0.

Перамогу іспанскага клуба над «Барусіяй» нельга назваць адназначнай. Разгрому не адбылося, а інтрыга захоўвалася большую частку матчу. У першай палове гульні дортмундцы выглядалі цікавей. Яны аддалі мяч мадрыдцам, якія паводзілі сябе дастаткова пасіўна і нічога ў нападзе рэальнага стварыць не змаглі. «Барусія», дзейнічаючы на контратаках, мела нядрэнныя моманты і магла адкрыць лік, але не атрымалася.

«Рэал» працягнуў пераможную серыю ў фіналах Лігі да дзевяці гульняў. Апошні раз мадрыдцы саступалі ў вырашальным матчы галоўнага еўракубкавага турніру ў 1981 годзе, калі прагулялі «Ліверпулю». Для «Барусіі» гэты фінал стаў трэцім у гісторыі. У 1997 годзе дортмундцы перамаглі турынскі «Ювентус» 3:1, а ў 2013-м – саступілі мюнхенскай «Баварыі» 1:2.

35‑гадовы паўабаронца «Барусіі» Марка Ройс і 34‑гадовы хаўбек «Рэалу» Тоні Кроос правялі развітальныя матчы за свае клубы.

«Да гэтага нельга прызвычаіцца. Было вельмі складана, складаней, чым чакалася. У другім тайме мы гулялі лепш, дзейнічалі больш збалансавана, менш гублялі мяч. Я крыху адчытаў Вінісьюса. У першым тайме мая каманда гуляла крыху ляніва, шмат губляла мяч, а супернік гуляў так, як хацеў. Трохі сумна, што Кроос завяршае карʼеру, але ён хацеў пайсці з клубу менавіта на такой ноце. Ён пастанавіў, і мы мусім паставіцца да гэтага з павагай», – сказаў на пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер «Рэал» Карла Анчэлёцці.

Ён зноў зрабіў фантастычную працу. Адмысловец эфектыўна перажыў расстанне з ключавым форвардам Карымам Бэнзэма, а таксама цяжкія траўмы асноўнага галкіпера Тыбо Куртуа і вядучага цэнтральнага абаронцы Эдэра Мілітана.

Упершыню ў сваёй гісторыі «каралеўскі» клуб дакрочыў да фіналу Лігі чэмпіёнаў без адзінай паразы. Анчэлёцці не перастае здзіўляць, а яго ўменне ствараць атмасферу ў камандзе – адзін з чыннікаў поспеху.

«Рэал» у сезоне 2022/2023 у іспанскай «Прымеры» заняў другое месца, якое дазволіла каралеўскаму клубу наўпрост патрапіць у групавы этап Лігі чэмпіёнаў. У выніку лёсавання клуб трапіў у групу «С» разам з італьянскім «Напалі», партугальскай «Брагай» і клубам з Нямеччыны «Уніён Берлін». «Рэал» без асаблівых праблемаў выгуляў усе 6 матчаў у групе з агульнай розніцай 16:7, і ўпэўнена трапіў ў плэй-оф з першага месца ў квартэце.

Плэй-оф для мадрыдскага гранда распачаўся няпроста. У 1/8 фіналу Анчэлёцці і кампанія з вялікай цяжкасцю мінулі нямецкі «РБ Лейпцыг» – 2:1 у суме двух матчаў (перамога на выездзе 1:0 і хатняя нічыя 1:1).

Нямецкі футбаліст Тоні Кроос, для якога фінал Лігі чэмпіёнаў быў апошнім у кар’еры. Лондан, Вялікая Брытанія. 1 чэрвеня 2024 года.
Фота: MadridXtra / X.com

Нялёгка прыйшлося «Рэалу» і ў чвэрцьфінале, дзе яму ў супернікі дастаўся пераможца леташняга розыгрышу Лігі чэмпіёнаў, англійскі «Манчэстэр Сіці». На хатнім стадыёне «Сант’яга Бэрнабэў» «вяршковыя» згулялі з «гараджанамі» выніковую нічыю 3:3. У матчы ў адказ у Манчэстэры была зафіксаваная нічыя 1:1, і толькі ў серыі пенальці «Рэал» перамог 4:3 і пракрочыў далей.

У паўфінале мадрыдцаў чакала «Баварыя». Першы матч у Нямеччыне завяршыўся ўнічыю 2:2, а ў двубоі ў адказ у Мадрыдзе «Рэал» дабіўся перамогі 2:1 і стаў фіналістам.

«Барусія» з Дортмунду ў сезоне 2022/2023 у нямецкай Бундэслізе таксама заняла другое месца, як і мадрыдскі «Рэал» у сваім чэмпіянаце. Пры гэтым клуб харвацкага спецыяліста Эдзіна Тэрзіча саступіў чэмпіёнства «Баварыі» у тым сезоне толькі паводле розніцы забітых і прапушчаных мячоў.

Лёсаванне Лігі чэмпіёнаў накіравала «Барусію» у квартэт «F», які назвалі «групай смерці». Акрамя дортмундцаў туды патрапілі французскі ПСЖ, чэмпіён Італіі «Мілан» і англійскі «Ньюкасл». Набраўшы 11 балаў і заняўшы першае месца ў групе, дружына Тэрзіча дала рады з выхадам у плэй-оф.

Футбалісты «Барусіі» пасля паразы ў фінале Лігі чэмпіёнаў. Лондан, Вялікая Брытанія. 1 чэрвеня 2024 года.
Фота: BVBjpn/ X.com

У 1/8 фіналу «Барусіі» дастаўся галандскі ПСВ, які немцы прайшлі 3:1 у суме двух матчаў (1:1 на выездзе і перамога 2:0 удома).

Далей у чвэрцьфінале іх чакаў мадрыдскі «Атлетыка». У першым матчы на выездзе дортмундцы прагулялі 1:2, а ўдома перамаглі 4:2 і выйшлі ў 1/2 фіналу.

Тут іх чакала сапраўднае правяранне на трываласць у асобе французскага ПСЖ, з якім немцам ужо даводзілася гуляць на групавой стадыі турніру. Тады «Барусія» з парыжанамі ўдома згуляла ўнічыю 1:1, а ў гасцях саступіла 0:2. Але ў паўфінале каманда Тэрзіча двойчы выгуляла ў ПСЖ з аднолькавым лікам 1:0.

Вось як пракаментаваў фінальны двубой Лігі чэмпіёнаў галоўны трэнер «Барусіі» Эдзін Тэрзіч:

«Мы правялі цудоўны матч і, лічу, заслугоўвалі больш, чым параза 0:2. З першай секунды мы паказалі ўсяму свету, што мы тут не проста для таго, каб гуляць у фінале, а каб выгуляць яго. Мы рабілі так шмат рэчаў правільна, але ў патрэбны момант яны не спрацавалі. Пасля гульні заўсёды можна пытацца, што трэба было зрабіць інакш. Думаю, шмат рэчаў мы зрабілі правільна, але потым адзін стандарт змяніў гульню. Мы мусім вучыцца на гэтым».

На фінале Лігі чэмпіёнаў еўракубкавае жыццё на сканчаецца. 14 жніўня адбудзецца матч за Суперкубак УЕФА. За трафей паспрачаюцца «Аталанта», сёлетні пераможца Лігі Еўропы, і мадрыдскі «Рэал». Сустрэча за ганаровы трафей пройдзе ў Варшаве на Нацыянальным стадыёне.

А ўжо амаль праз два тыдні заўзятараў чакае сапраўднае футбольнае баляванне – чэмпіянат Еўропы. Футбольная феерыя стартуе 14 чэрвеня ў Нямеччыне матчам паміж гаспадарамі турніру і камандай Шатландыі. Для правядзення Еўра-2024 былі абраныя 10 гарадоў. Акрамя Мюнхена і Берліна, гэта Кёльн, Дортмунд, Дусэльдорф, Франкфурт, Гельзэнкірхэн, Гамбург, Ляйпцыг і Штутгарт. Фінал адбудзецца 14 ліпеня на Алімпійскім стадыёне ў Берліне, які разлічаны на 70 тысячаў чалавек.

Павел Алейнікаў, «Белсат»

Стужка навінаў