«Гэта было значна цяжэй, чым я чакаў». Мадрыдскі «Рэал» 15-ы раз перамог у Лізе чэмпіёнаў


У фінальным матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў перамог мадрыдскі «Рэал», стаўшыся 15-разовым уладальнікам трафея. Гульня з дортмундскай «Барусіяй» скончылася з лікам 2:0. Іспанскія медыі не іначай як вялікім свой клуб не называюць, а нямецкія выданні пішуць, што «Барусіі» проста не пашчасціла. Трэнер мадрыдцаў Карла Анчэлёцці прызнаўся, што перамога далася «значна цяжэй», чым ён чакаў.

Мадрыдскі «Рэал» святкуе перамогу ў Лізе чэмпіёнаў. 1 чэрвеня 2024 года. Лондан, Вялікая Брытанія.
Фота: MrAncelotti / X.com

Фінал Лігі чэмпіёнаў адбыўся ў Лондане на стадыёне «Ўэмблі» ў прысутнасці 86 212 гледачоў і пачаўся з таго, што на поле выбеглі некалькі заўзятараў. Двое з іх былі ў футболцы з лагатыпам блогера з Беларусі Mellstroy (сапраўднае імя – Андрэй Бурым). Ён абяцаў заплаціць 30 мільёнаў расейскіх рублёў (334 тысячы долараў) таму, хто гэта зробіць. Пакуль хуліганаў лавілі, матч прыпыніўся.

Заўзятар на полі падчас фіналу Лігі чэмпіёнаў паміж «Рэалам» і «Барусіяй». 1 чэрвеня 2024 года. Лондан, Вялікая Брытанія.
Фота: IMAGO / imago sport / Forum

Першы тайм відавочна застаўся за «Барусіяй», футбалісты стварылі мінімум 3 галявыя моманты, аднак ніводны з іх зрэалізаваць не ўдалося.

«Дортмундская „Барусія” доўга задавала тон у фінале Лігі чэмпіёнаў, але зашмат шанцаў заставалася нявыкарыстанымі. Потым „Рэал” нанёс халодны ўдар», – піша «Frankfurter Allgemeine Zeitung».

Гульня скончылася з лікам 2:0. На 74-й хвіліне забіў Даньель Карвахаль, на 83-й – Вінісьюс Жуньюр. «Рэал» 15-ы раз стаўся ўладальнікам трафея. Для «Барусіі» гэта была б другая перамога: упершыню нямецкі клуб выгуляў чэмпіянат у 1997 годзе.

«Мне не спадабаўся ўзровень, які мы паказалі ў першым тайме. Мы зачаста гублялі мяч не ў тым месцы. Мы былі занадта павольнымі. Мы дазвалялі „Барусіі” гуляць так, як ёй хацелася, прымушаючы нас губляць мяч. Было цяжка, вельмі цяжка. Больш, чым я чакаў. У першым тайме нам давялося патрываць. У другім тайме мы згулялі лепш», – сказаў на прэс-канферэнцыі галоўны трэнер мадрыдскага клубу Карла Анчэлёцці.

Для яго гэта была пятая перамога ў Лізе чэмпіёнаў: у 2003 і 2007 гадах, калі кубак браў «Мілан», і тройчы – з «Рэалам» (у 2014, 2022 і 2024 гадах).

«”Рэал” вялікі», „Рэал” – гэта па-каралеўску!», «”Рэал” – гэта легенда!» – такія эпітэты даюць свайму клубу іспанскія медыі, хаця і прызнаюць, што «канчатковы вынік не адпавядаў падзеям на полі».

Нямецкія выданні адзначаюць, што да першага голу «Барусія» валодала перавагай, аднак не скарысталася магчымасцямі.

«”Барусія” была ў слязах. Чорна-жоўтыя былі вымушаныя прызнаць перамогу „Рэалу”, нягледзячы на вельмі добрую гульню», – піша партал sport1.de.

Hавiны
У Беларусі не пакажуць чэмпіянату Еўропы па футболе
2024.05.28 09:15

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў