Спікер парламенту Грузіі падпісаў скандальны Закон аб замежным уплыве


3 чэрвеня спікер грузінскага парламенту Шалва Папуашвілі падпісаў Закон аб празрыстасці замежнага ўплыву, які прывёў да масавых пратэстаў у краіне, паведамляе тэлеканал «Mtavari». Дакумент набыў моц.

Старшыня парламенту Грузіі Шалва Папуашвілі выступае з прамовай падчас акцыі пратэсту ў падтрымку законапраекта аб празрыстасці замежнага ўплыву. Тбілісі, Грузія. 29 красавіка 2024 года.
Фота: Davit Kachkachishvili / Anadolu Press / Abaca Press / East News

З 4 чэрвеня закон будзе лічыцца афіцыйна апублікаваным. З гэтага моманту ў Міністэрства юстыцыі Грузіі будзе 60 дзён, каб распрацаваць усе падзаконныя нарматыўныя акты і стварыць адмысловы электронны партал для арганізацыяў.

Таксама праз 60 дзён, паводле новага закону, тыя арганізацыі, якія атрымліваюць больш за 20 % свайго фінансавання з замежных крыніцаў, павінны будуць зарэгістравацца на партале і задэклараваць свае даходы, якія атрымлівалі за 2023 год.

«Сёння я падпісаў Закон аб празрыстасці замежнага ўплыву, галоўная яго мэта – даказаць устойлівасць палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сістэмаў Грузіі да вонкавага ўмяшання», – заявіў Шалва Папуашвілі.

Выступаючы перад парламентарамі, Папуашвілі абрынуўся з крытыкаю на апазіцыю, бо яна нібыта блытае нацыянальныя інтарэсы з апладысментамі палітыкаў іншых краінаў, а незалежнасць – з пакорлівасцю.

Нагадаем, што дэпутаты грузінскага парламенту ў трох чытаннях прынялі Закон аб празрыстасці замежнага ўплыву. Прэзідэнтка краіны Саламэ Зурабішвілі наклала на яго вета, але дэпутатам удалося пераадолець яго. Закон ахрысцілі ў Грузіі «расейскім».

Адно са спрэчных палажэнняў закону – артыкул, які дазваляе міністэрству юстыцыі Грузіі ладзіць правяранне, скіраваную на «выяўленне арганізацыі, якая праводзіць інтарэсы замежнай сілы». Падставаю для гэтага можа стацца пісьмовы зварот прыватных асобаў.

Грузінская апазіцыя рэзкай раскрытыкавала закон. Яна абвінаваціла кіроўную партыю ў працы на Расею і сцвярджае, што законапраект падрыхтаваны ў Маскве.

Краіны ЕЗ і ЗША рэзка крытыкуюць законапраект. Прыняцце закону аддаліць Грузію ад уступлення ў Еўразвяз, заявіў старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль.

Аналітыка
Пад удар трапяць найперш НДА. Як закон «аб замежных агентах» у Грузіі паўплывае на беларусаў?
2024.05.25 07:17

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў