Затрыманне за ролік трохгадовай даўніны і штраф за рэпост. Рэпрэсіі 2 чэрвеня




У Беларусі караюць за працу трохгадовай даўніны і працягваюць чыніць суды над тымі, хто з’ехаў з краіны. Падрабязней пра гэтыя і іншыя парушэнні правоў лукашэнкаўскімі ўладамі – у штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Сілавікі затрымалі актора Кірыла Алахвердзяна. Яго абвінавачваюць у «судзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», бо ён здымаўся ў міліцэйскай форме ў роліках «Белсату» тры гады таму.

«За 100 рублёў ён здымаўся ў міліцэйскай форме ў роліках, што наўмысна дыскрэдытуюць сілавікоў», – пішуць каналы, набліжаныя да сілавікоў.

Паводле сілавікоў, актор супрацоўнічаў з «Белсатам» да 2021 года, то бок да таго, як СМІ было абвешчанае ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем». Алахвердзяну пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

За распаўсюд «экстрэмізму» улады прысудзілі штраф рэдактару сайту «Віцебскі кур’ер News» Аляксандру Корнышаву, паведамляе «Віцебская вясна». Суддзя суда Першамайскага раёну Віцебску Вераніка Барысава за рэпост пакарала мужчыну штрафам на 800 рублёў.

Суд праходзіў у адсутнасць «правапарушальніка», з прычыны таго, што Аляксандр пакінуў Беларусь у канцы 2020 года. У судзе разбіралі адразу два адміністратыўныя пратаколы – ад 30 красавіка і 13 траўня.

«Міліцыянты з Першамайскага РАУС Віцебску заўважылі некалькі спасылак на выданне з рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, змешчаныя ў сацсетцы “УКантакце” на асабістай старонцы Аляксандра.

Суддзю не збянтэжыла тое, што журналіст не можа выказаць сваёй пазіцыі ў судзе, а ягоныя правы на абарону былі радыкальна парушаныя», – падкрэсліваюць праваабаронцы.

Стала вядома, за што пакараны 10 соднямі арышту каталіцкі святар з Шуміліна Павел Лемех. Яго абвінавацілі ў незаконным пікетаванні за выяву бел-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны на Facebook-старонцы.

«У судовым паседжанні Павел сваю віну ў здзяйсненні правапарушэння прызнаў часткова і пацвердзіў, што сапраўды ёсць карыстальнікам сацыяльнай сеткі Facebook, дзе мае акаўнт. На гэтай старонцы ён размясціў сваю фатаграфію на бел-чырвона-белым фоне, пры гэтым сцвярджаў, што не выказваў тым самым сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў, не пратэставаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, што адбыліся ў 2020 годзе.

Аднак святар пацвердзіў наяўнасць у ягоным акаўнце блакітна-жоўтага колераў сцяга Украіны тым, што ён такім чынам выказаў скруху наконт гібелі мірных жыхароў суседняй краіны ў расейска-ўкраінскай вайне. Пры гэтым на правядзенне пікетаў у яго не было дазволу ад кіраўніцтва Шумілінскага райвыканкаму», – паведамляюць праваабаронцы «Віцебскай вясны».

Пакарала святара суддзя Алена Жук.

Рэпартаж
«Хай яны баяцца!» У Сенаце Польшчы адкрылі выставу пра Алеся Бяляцкага
2024.05.08 16:44

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў