Жыхара Кобрына пакаралі 10 соднямі арышту за кнігу Уладзіміра Арлова


Жыхару Кобрына далі 10 содняў адміністратыўнага арышту за тое, што ў яго на паліцы стаяла кніга Уладзіміра Арлова «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды ды Касцюшкі». Пра гэты выпадак паведамляе Zerkalo.io.

Вокладка кнігі «Айчына: маляўнiчая гiсторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкi».
Фота: chrysalismag.org

Міліцыя даведалася, што ў жыхара Кобрына ёсць «экстрэмісцкая» кніга, дзякуючы даносу. Атрымаўшы гэтую інфармацыю, супрацоўнікі Кобрынскага РАУС прыехалі на месца жыхарства мужчыны для «агляду домаўладання».

«Пры аглядзе жылля на першым паверсе дома ў кніжнай шафе ў адкрытым доступе ім у вочы кінулася кніга «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі», якая выклікала падазрэнне», – паведамляецца ў пастанове суду.

Міліцыянты праверылі рэспубліканскі спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў і высветлілі, што кніга Уладзіміра Арлова ў ім ёсць. У выніку мужчыну затрымалі і склалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Захоўванне з мэтай распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

У судовым паседжанні ўладальнік кнігі віны не прызнаў. Ён падкрэсліў, што ў экстрэмісцкі» пералік было ўключана другое выданне кнігі «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды ды Касцюшкі», а ў яго дома на паліцы ляжала першае. Кнігу яму падарылі на 60-гадовы юбілей. Ён паставіў яе ў шафу «як падарунак, дзе захоўваў без мэты распаўсюджвання», чытаць яе нікому не даваў, а з часам і зусім забыўся, што такая літаратура ў яго ёсць.

Аднак суд Кобрынскага раёну палічыў, што «сам факт размяшчэння і захоўвання такой інфармацыі ў адкрытым доступе ў кніжнай шафе быў накіраваны на публічную дэманстрацыю і на азнаямленне як мінімум чальцоў сямʼі».

У выніку мужчыну прызналі вінаватым і прызначылі дзесяць содняў арышту. Кнігу сканфіскавалі.

Агляд падзеяў культуры
Ад Рагнеды да Касцюшкі – цікава і з ілюстрацыямі. У Менску прэзентавалі кнігу Арлова
2017.03.21 21:03

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў