ААН заснавала групу экспертаў у пытанні правоў чалавека ў Беларусі


Старшыня Рады правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прызначыў сябраў новай групы экспертаў у пытанні правоў чалавека ў Беларусі, паведамляе тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай.

Сцяг Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
Фота: sanjitbakshi via Flickr, CC BY 2.0

У групу ўвайшлі Сьюзан Базілі (Канада), Карына Маскаленка (Расейская Федэрацыя) і Моніка Станіслава Платэк (Польшча).

У абавязкі групы будуць уваходзіць расследаванне і высвятленне фактаў, абставінаў і прычынаў парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў, здзейсненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года.

Група будзе займацца зборам, абагульненнем, захоўваннем і аналізам доказаў такіх парушэнняў і злоўжыванняў, а таксама выяўленнем вінаватых з улікам судовых і іншых разбораў, уключна з крымінальным пераследам у судах і трыбуналах.

У сферу дзейнасці групы будзе ўваходзіць вынясенне рэкамендацыяў адносна захадаў для прыцягнення да адказнасці з мэтаю пакласці канец беспакаранасці ў Беларусі, а таксама забеспячэнне падсправаздачнасці і доступу да правасуддзя і эфектыўных сродкаў прававой абароны, уключаючы кампенсацыю шкоды ахвярам.

Група будзе ўзаемадзеяць з усімі зацікаўленымі бакамі (беларускім, а таксама з рэгіянальнай і міжнароднай грамадзянскай супольнасцю, міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі) для абмену інфармацыяй і дзеянняў для прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

«Стварэнне падобнай групы экспертаў – абсалютна ўнікальная працэдура для Беларусі, – адзначае юрыдычная каманда Офісу Святланы Ціханоўскай. – Гэта сведчанне высокага ўзроўню ўвагі з боку міжнародных праваабарончых арганізацый да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Падзеі 2020 і наступных гадоў не забытыя: злачынствы будуць расследавацца, а вінаватыя – прыцягнуты да міжнароднай адказнасці».

Юрыдычная каманда Офісу Святланы Ціханоўскай працягвае актыўна супрацоўнічаць з мандатам спецыяльнага дакладчыка ААН у пытанні правоў чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, падрыхтаваны пакет дакументаў аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і метадах прыцягнення да міжнароднай адказнасці ўсіх вінаватых. Гэта дазволіць за максімальна кароткія тэрміны пачаць супольную працу з групай экспертаў ААН у пытанні правоў чалавека ў Беларусі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў