КНДР магла паставіць Расеі 1,6 млн снарадаў для вайны ва Украіне, піша «The Washinghton Post»


З леташняга жніўня да сёлетняга студзеня Расея магла атрымаць 1,6 млн артылерыйскіх снарадаў з Паўночнай Карэі. З Далёкага Усходу іх адразу везлі да мяжы з Украінаю, паведамляе «The Washinghton Post».

Порт у КНДР, адкуль адпраўлялі зброю ў Расею.
Фота: namu.wiki

Боепрыпасы даставілі з паўночнакарэйскага порта ў Прыморскі край на чатырох судах пад расейскім сцягам. Цягам тыдня груз адправілі ў 16 пунктаў прызначэння, галоўным чынам – уздоўж мяжы з Украінай. 12 з іх знаходзяцца каля вайсковых сховішчаў ракетаў і боепрыпасаў, хаця паводле дакументаў з КНДР везлі «выбуховыя рэчывы».

Такім чынам, можна зрабіць выснову, што насамрэч з Паўночнай Карэі даставілі ракеты і артылерыйскія снарады. «The Washinghton Post» піша пра гэта са спасылкаю на некамерцыйную арганізацыю C4ADS, што займаецца пытаннямі глабальнай бяспекі, і на крыніцу ў транспартава-лагістычнай расейскай кампаніі.

74 тысячы тонаў выбуховых рэчываў, як пазначана ў дакументах, адпавядае лічбе ў 1,6 млн снарадаў таго тыпу, што Расея выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны.

Аналітыка
КНДР, імаверна, пастаўляе Расеі балістычныя ракеты. Што гэта значыць для Украіны і свету
2024.01.11 07:00

У лістападзе летась ЗША ўпершыню адкрыта абвінавацілі Паўночную Карэю ў пастаўках зброі ў Расею. Паводле звестак, якія атрымаў Вашынгтон і якія тады былі абнародаваныя, цягам толькі аднаго месяцу Паўночная Карэя адгрузіла ў Расею больш за 1000 кантэйнераў з ваенным рыштункам і боепрыпасамі.

«Мы асуджаем пастаўку Расеі гэтага ваеннага рыштунку, – сказаў дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Пол Кірбі. – Мы працягнем адсочваць любыя новыя пастаўкі зброі Расеі».

Hавiны
У Кіеве заявілі, што атрымалі доказы выкарыстання Расеяй паўночнакарэйскіх ракетаў
2024.01.11 22:23

Гэтыя пастаўкі пачаліся неўзабаве пасля візіту ў Расею кіраўніка Паўночнай Карэі Кім Чэн Ына, што адбыўся ў верасні. Тады палітык сустрэўся з Уладзімірам Пуціным і тагачасным міністрам абароны Сяргеем Шайгу.

На гэтым тыдні Пуцін наведаў КНДР і падпісаў з Кімам дамову аб «усёабдымным партнёрстве». Гэты дакумент, як адзначае «The Washinghton Post», дае фармальныя падставы для паставак боепрыпасаў з Паўночнай Карэі ў Расею.

Каментар
Візіты Пуціна ў КНДР і В’етнам. Ці атрымліваецца ў Крамля сабраць сваю «вось зла»?
2024.06.20 19:55

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў